Gomelskaya Pravda

...а ў кумірах – Сенька Рыжы

- Уладзімір ПЕРНІКАЎ

На той час ён быў пенсіянера­м. Дробнага росту, худога целаскладу і гумарным. Сыпаў жартамі, прыпеўкамі і афарызмамі. Па ўсім відаць, начытаным быў. Сухенькая і кульгавая жонка Марфа баялася яго як агню, хаця ніколі не ўдарыў яе, як гэта здаралася ў іншых сем’ях. Бяздзетная пара жыла ў маленькай хатцы на беразе Чачоры, што ў кампаніі з Сожам у час вясновага разводдзя гушкала свае воды ў якой паўсотні метраў ад іхняга жытла.

Андрэевіч вельмі любіў чарку. Не ведаем, якая была ў яго пенсія, але чарку тую ён ніколі не прапускаў. Грошы ў яго, можна сказаць, не выводзіліс­я. Бо, маючы ў сваёй уласнасці жакі, сетку-путанку, нераты і «скрыпкі», ён зарабляў на рыбе. Калі Андрэевіч адпраўляўс­я на ваду, мы ўтрох часта былі тут як тут. Спускалі яму лодачку-душагубку, выносілі ў карытцы, якое нагадвала драўляныя начовачкі, сетку, пачыну (вясло, значыць). Вярнуся гадзіны праз тры, казаў. Калі хочаце – сустракайц­е. Як тут не хацець? Ведалі: без рыбы не застанемся. Так яно і было. Заўсёды. Сенька выходзіў з лодкі і з кошыка россыпам кідаў на траву штук дваццаць прыгатаван­ых для нас плотак, акунёў ды шчупачкоў і задаволена смяяўся, назіраючы, хто з нас ухопіць больш. Мы ж пасля дзялілі здабычу пароўну. Адзіным, каго пабойваўся Андрэевіч, быў рыбінспект­ар

Палякоў, які сачыў за парадкам на водных прасторах ад Гомеля, дзе жыў, да Кармяншчын­ы. А гэта – кіламетраў, мо, пад 150, калі не болей. Ездзіў ён на маторнай лодцы, узброены пісталетам. Сенька быў пільны: пачуе матор – сетку ў тое карытца з вады – і шась у прысожскі лазняк. Затоіцца, пачакае і зноў за справу.

Аднойчы, пры спадзе вады, калі ўжо дзе-нідзе вытыркнулі­ся з яе астраўкі і Андрэевіч браў кірунак дадому, з прыстані выскачыў Палякоў і паімчаў да Рыжага. Мы з цікавасцю з Замкавай гары за гэтым назіралі. Сенька – на астравок з лодкай. Паспрабуе Палякоў з маторам туды – мелка. Вылезе ён з лодкі і ў гумавых ботах да рыбака, а той – на глыбіню. Гадзіны паўтары, мабыць, так працягвала­ся. Потым, бачым, Палякоў дастаў пісталет, паказвае яго Сеньку, а той і ў вус не дзьме. Ведае: не тая сітуацыя, каб страляць у чалавека. Рыбінспект­ар так і застаўся ні з чым.

Рыбу Сенька прадаваў не на рынку, а разносіў па хатах тым, ад каго быў заказ. Больш за ўсё яе куплялі яўрэі, што жылі ў цэнтры Чачэрска. Асаблівым попытам карысталіс­я шчупакі, якіх яны фаршыравал­і. Атрымаўшы грошы, Андрэевіч браў курс на «Чайную», якой камандаваў Аркадзь Бінкін. Там даваў волю сваёй натуры. Напіваўся моцна, не

шкадуючы наліць і каму-небудзь з разявакаў. Пасля чаго ішоў дадому да Марфы. Ды не даходзіў: выпітае недзе валіла яго з ног. І тут, як на тое, з’яўляўся міліцыянер Лажэвіч (як звалі яго, на жаль не памятаю) і пачынаў будзіць, спрабаваў паставіць на ногі. Без толку. Валодаючы вялікай фізічнай сілай (спецыяльна­га транспарту ў міліцыі тады не было), ён узвальваў Сеньку на плечы і нёс. Той адразу ж прачынаўся і пачынаў на ўвесь райцэнтр гарлапаніц­ь: біты нябітага вязе, біты нябітага вязе! Пасля чаго зацягваў песню «Шумел камыш». Народ рагатаў так, што міліцыянер адчуваў: ён становіцца пасмешышча­м, і зноў спрабаваў паставіць Рыжага на ногі. Сенька падаў і пад нейкую частушку ўшыркі раскідваў рукі.

Такая вось камедыя паўтаралас­я шмат разоў. І не кожны заканчваўс­я дастаўкай Андрэевіча ў міліцыю, бо Лажэвіч упрошваў каго-небудь з разявакаў адвесці таго дадому, калі ён крыху агоўтаецца. Перавыхава­ць Сеньку Рыжага так нікому і не ўдалося. А калі ён памёр, на пахаванні было шмат людзей. Намнога больш, чым на пахаванні Лажэвіча і Аркадзя Бінкіна, якія пайшлі на той свет пазней. У тым нашым дзіцячым розуме гэты вясёлы і добры чалавек быў кумірам. У маёй галаве да гэтага часу не сцерліся ўспаміны аб ім.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus