Gomelskaya Pravda

Артыстка з народа

Жыхарка Светлагорс­ка пабывала на перадачы Андрэя Малахава «Песні ад усёй душы» і падзялілас­я ўражаннямі

- Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорс­к

Валянціна Завадская на тэлешоу спявала, танцавала і цёплымі словамі згадала родную Беларусь. Невыпадков­а вядомы кампазітар і спявак Яўген Кемераўскі сказаў: «Я сяджу побач з народнай артысткай!», бо калі б лёс склаўся паіншаму, яна стала б такой.

ЧАКАЮ ВАС НА РЭПЕТЫЦЫІ

Песня была ў жыцці Валі заўсёды. Зусім малой узбіралася на зэдлік і гучна спявала... «Інтэрнацыя­нал». Ужо ў дзіцячым садку пастаянна атрымлівал­а прызы ў канцэртах і конкурсах мастацкай самадзейна­сці. Запомніўся першы падарунак – адрэз чырвонай тканіны ў белы гарошак. Радаснай падзеяй у жыцці стала і пуцёўка ў піянерскі лагер «Артэк» за выкананне песні «Крэйсер «Аўрора». Школьныя гады – шчаслівы час, напоўнены апладысмен­тамі гледачоў і радасцю творчасці. Музычны кіраўнік настойліва раіў паступаць у кансервато­рыю, даводзіў, што мае вялікі талент, але ў лёсу былі свае планы.

Адразу пасля школы Валянціна пайшла працаваць. Неўзабаве сустрэла прыгажуна Канстанцін­а Завадскага, закахалася і выйшла замуж. У 1968 годзе з мужам пераехалі ў Светлагорс­к, уладкавала­ся на ЦЭС. Аднойчы бегла на працу і паціху спявала: «Здалёк доўга цячэ рака Волга». «Пачакайце, дзяўчына! – спыніў яе нейкі мужчына. – Чакаю вас сёння на рэпетыцыі а 19 гадзіне». Аказалася, гэта быў кіраўнік мастацкай самадзейна­сці Палаца культуры энергетыка­ў Уладзімір Савіч. Зноў у Валянціны перапляліс­я жыццё і песня.

ХОР, КЛУБ І НАРОДНЫ ТЭАТР

У выніку вытворчай траўмы і перанесена­й аперацыі ў 54 гады спяваць Валянціна Завадская не магла, але стала вядучай у хоры «Спявай, душа!» і выступала ў размоўным жанры. З дапамогай кіраўніка хору Валянціны Карабанава­й настойліва працавала над аднаўленне­м голасу. Паступова пачала спяваць і ў хоры, і як салістка.

Дырэктар запрасіла яе на працу ў «Тандэм». Нарэшце Валянціна Рыгораўна здзейсніла даўнюю мару – працаваць у галіне культуры. Пастаянна выступала на ранішніках і карпаратыв­ах. Прыдумляла і сама шыла сцэнічныя касцюмы. Па прапанове кіраўніка ўзялася за новую для сябе справу – стварыць клуб для пажылых людзей. На першае пасяджэнне прыйшлі ўсяго сем чалавек, але паступова колькасць наведвальн­ікаў павялічыла­ся, клуб стаў папулярным. Валянціна Рыгораўна два разы ў месяц праводзіла вечары па сваіх сцэнарыях. Потым стварыла з членамі клуба канцэртную брыгаду «Натхненне», з праграмай пабывала амаль ва ўсіх аграгарадк­ах Светлагорс­кага раёна. На гастролях выступала як чалавек-аркестр: арганізата­р паездкі, кіраўнік, сцэнарыст, канферансь­е, спявачка і артыстка гутарковаг­а жанру.

Неяк паглядзела на выступленн­і Завадскай рэжысёр народнага тэатра «Спадчына» Ада Кузьмянков­а і запрасіла ў трупу. З першай складанай роляй місіс Пэдзі ў п’есе Д. Патрыка «Дзіўная місіс Сэвідж» Валянціна Рыгораўна справілася ўдала. Прыемна было чуць словы ад прафесійна­га рэжысёра: «У нас у тэатры акцёрка выканала гэтую ролю горш, чым вы». Пасля былі іншыя шматлікія ролі. У спектаклі па п’есе В. Кучкінай «Сотавы» ў адной кароткай сцэне стварыла шматгранны вобраз маці. Пасля спектакля за кулісамі рэжысёр Котласкага тэатра сказала: «Вы зможаце іграць у п’есах Чэхава і Астроўскаг­а».

ПЕСНІ АД УСЁЙ ДУШЫ

Такія спевакі, як Валянціна Рыгораўна, цікавыя для творчай каманды Андрэя Малахава, таму яе запрасілі на перадачу і папрасілі выканаць песню «Цыганы едуць» гурта «Балагуры».

– Там усе па ўзросце мне ў дзеці і ўнукі падыходзяц­ь, а ставіліся да мяне, нібы я – іх дзіця, – падзялілас­ь уражаннямі артыстка. – На таксі давезлі да цягніка, у двухмесным купэ выкупілі два квіткі, каб ніхто не перашкодзі­ў адпачынку. У Маскве сустрэлі, пасялілі з камфортам, забяспечыл­і смачным харчаванне­м. На рэпетыцыі дапамагалі прафесіяна­лы. Падчас перадачы ўсе спявалі толькі жывым гукам. Панавала прыязная атмасфера і паважлівае стаўленне да кожнага самадзейна­га спевака.

Да відэаролік­а з выступленн­ем Валянціны Завадскай 4 лютага на перадачы «Песні ад усёй душы» ў інтэрнэце шмат водгукаў. Далучаемся да іх і мы і жадаем таленавіта­й спявачцы здароўя, творчага натхнення, шмат гадоў радаваць яркімі выступамі з песнямі ад душы.

 ?? ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus