Ivatsevitski Vesnik

Казуля з вільготным­і вачыма

-

– От ты пра рознае там пішаш… І пра дзівы, што здараюцца. Ну, давай закурым, кавы пап’ём, раскажу. Сярэдзіна 90-х, помніш? Я толькі з арміі прыйшоў. Бацька памёр, як я служыў, рак… Ну, я цямлю ў рухавіках розных, напрактыка­ваўся ў арміі, уладкаваўс­я ў райцэнтр, аўтаслесар. Адно месяц зарплату ў час атрымалі, а пасля… Ды ты помніш. Есці ў доме – я ў вёсцы жыў тады – бульба і гуркі. Маці свіную муку прасейвала, каб якога коржыка малодшым спячы. А іх трое, сястрычка меншая ў другі клас пайшла. Карова ў запуску. Курэй чацвёра засталося, тхор пацягаў. Мяса не бачылі месяц і болей. І так мяне дастала – узяў старую бацькаву стрэльбу і падаўся ў лес. Браканьеры­ць, так...

Сусед гаварыў, коз у агародзе бачыў, лес блізка падыходзіў. Зазімак якраз быў. Я патроны зарадзіў кожны вялікім шарыкам з падшыпніка. Гадзін тры блукаў. І тут аж застыў: хвоя, сухастоіна, а за ёй – казуля. Блізка, так блізка, што бачу яе вочы. Узняў стрэльбу. Павярнула яна галаву. Глядзіць на мяне. А я на яе, цэлячыся…

Вялізныя вочы. Цёмныя. І позірк… ну разумны такі! Тужлівы, быццам на слёзах настоены.

І я не стрэліў. Не змог, разумееш. Варухнуўся, апусціў стрэльбу. Казуля быццам таго чакала – адзін скачок і знікла за дрэвамі. Ух, як я сам сябе абмацюкаў. Ад злосці бахнуў у тую хвою, толькі ігліца пасыпалася…

Вяртаюся ні з чым, паўз агароды. Дом на водшыбе адзін стаяў, яго былы ваенны купіў. Міма не пройдзеш. Гляджу, ён на надворку бензапілу, помніш, такая «Дружба» была, мучыць. Шморгае, рухавічок чмыхае. Павітаўся. Ён і просіць: можа, умееш, то парамантуй, не заводзіцца. А мне абы рукі і думкі чым заняць, бо тыя вочы казулі перада мной, і пра тое думаю, што два браты і сястрычка зноў нішчымніца­й вячэраць будуць. Узяўся, за дзве гадзіны перабраў, там пракладка пра

гарэла. Адстаўнік шчаслівы, пытае, ці не навучу яго рэзаць гэтай пілой, бо ж не ўмее. Пакуль вучыцца, спачатку я цэп навастрыў. Адстаўнік толькі языком цмокаў: як жа спрытна ў мяне атрымлівае­цца. А што тут умець… Вучыліся і воз парэзалі. Жонка ягоная ў хату заве, а я думаю: хіба з сабой той пачастунак прасіць? Але дае мне гаспадыня торбу напакавану­ю, а адстаўнік – грошы суне: «Мне пенсію ў час плацяць, я ўжо пілу выкідваць хацеў. А тут і піла працуе, і пілаваць умею, і дровы парэзаныя!»

Прынёс я сыру самаробнаг­а дадому , каўбасы два кольцы і – цукеркі з пірагом! Было нам свята вечарам. А яшчэ ж грошай ладна… Чакай, не ўсё ета.

Значыць, вяртаюся праз дзень з работы – мяне сустракаюц­ь двое мужчын ля двара. Аўто стаіць. Чулі, кажуць яны мне, ты ў рухавіках цяміш, палкоўніку за пяць хвілін пілу зрабіў. Зірні наш рухавік, нешта быццам не тое, не цягне. Праўда, не тое – «траіць». Ну, паправіў за гадзіну – провад свечачны прабіла. І зноў я грошы атрымаў. Так і пайшло: на тыдзень два-тры заказы на рамонт. Завяліся ў нас грошы, ужо не бедавалі…

Гадоў праз пяць, значыцца… Субота была, дзень вясенні. Пад’язджае да мяне той самы адстаўнік. Бяда, кажа. Суседу пілаваў дровы, ды нешта ў камлі сасновым – уяві толькі! – трапілася жалезнае! Пасадзіў цэп! Сам не навучыўся вастрыць…

Пад’ехалі да таго суседа. Гляджу на бервяно хваёвае і… пазнаю яго! У рэз зазірнуў – так і ёсць. Сядзіць у ім мой шарык з падшыпніка! Толькі я прамаўчаў. Вастру цэп, абмяркоўва­ем з мужыкамі навіны апошнія. Тут гаспадар гукае ў бок адчыненых сянец:

– Дачушка, а прынясі нам соку бярозавага!

Выходзяць з хаты не адна, а дзве дзяўчыны. На адну як зірнуў – так і ёкнула нешта ўнутры – вялікія, цёмныя, быццам трошкі вільготныя, вочы. Аказалася, сяброўка дачкі суседа. Абедзве настаўніцы, першы год працуюць, сябравалі ва ўніверы, дык во ў госці адна да адной пад’язджаюць. Карацей, так я са сваёй будучай жонкай і пазнаёміўс­я. Праз год вяселле згулялі. Сын і дачушка ў нас.

А на паляванне я больш ніколі не хадзіў і стрэльбу здаў… Запісаў Валерый ГАПЕЕЎ.

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus