Ivatsevitski Vesnik

Свая зямля

-

Год – гэта многа ці мала? А 20? 50? Каб хто некалі спытаў у мяне малога, я б не задумваючы­ся адказаў: столькі не жывуць. Бо тады і год цягнуўся бясконца доўга. А 50? Вечнасць!

Сёння, пражыўшы гэтыя больш як паўвека, з усёй адказнасцю магу сказаць: не тэрмін. Не так гэта і многа, як здавалася.

Усё ў гэтым свеце адносна. І дарога наперадзе заўсёды значна даўжэйшая за тую, што ўжо прайшоў. Так і час. Азіраюся на пражытыя гады і здзіўляюся: калі яны праляцелі?

Яшчэ сняцца дзіцячыя гульні, школа, яшчэ ярка помняцца вясёлыя юнацкія кампаніі, песні пад гітару і першы пацалунак, а насамрэч – як жа даўно ўсё гэта было.

Неяк неўпрыкмет, як бы і павольна, але няўмольна змянілася ўсё: вёска, прырода, асяроддзе, нават надвор'е сёння не такое, як было ў часы майго дзяцінства.

Многія і многае згінула, зышло, «канула ў Лету». Многа з’явілася новага.

З часам змяніліся мы самі. І не толькі знешне.

І толькі неба такое ж, як было і будзе заўсёды – рознае, але пастаяннае.

Еду па знаёмай, некалі добра наезджанай дарозе, што ідзе ўздоўж лесу, агінаючы ўсе яго залівы і выступы.

І то тут, то там бачу невялічкія дзяляначкі, агароджаны­я пачарнелым­і ад часу дубовымі слупочкамі з рэшткамі іржавага дроту.

Па нізінках ужо падняўся лазняк, пайшло куп’ё і некалі дагледжана­я зямля на ўзвышшах задзірване­ла.

Так сумна было бачыць гэтае запусценне, гэтую кінутую і нікому ўжо непатрэбну­ю зямлю.

Помню, як цяжка некалі было займець вось такі свой участак зямлі. Колькі трэба было прыкласці сіл, колькі працы, каб з зарослай бур’янам і лазою няўдобіцы вырабіць чыстае поле, якое будзе радзіць.

Тут сеялі траву, жыта ці пшаніцу, садзілі бульбу. Многія, хто не меў такога поля, мне здаецца, ціха зайздросці­лі тым, у каго яно было.

Бо тут чалавек мог адчуваць сябе сапраўдным гаспадаром. Тут можна было на свой густ садзіць або сеяць тое, што было неабходным. І гэты кавалачак зямлі быў добрай дапамогай для асабістай гаспадаркі.

Шкада зараз бачыць, як некалі такая жаданая, такая дарагая для селяніна зямля страціла сваю каштоўнасц­ь. Наноў зарастае, дзічэе, усімі кінутая і забытая.

Бо добра помню, якую радасць адчуваў мой бацька, калі ў нас з’явіўся вось такі кавалак «сваёй» зямлі. Сваёй у двукоссі, бо па сапраўднам­у сваёй яна і не была. Проста калгас дазволіў карыстацца гэтым кавалачкам зямлі, з аднаго боку акружанага лесам, з другога – глыбокай канавай ва ўрочышчы, Яловая .

Але для майго бацькі гэта была яго зямля. Бо толькі ён мог ей карыстацца, ён быў тут гаспадар!

Спецыяльна ездзіў у Івацэвічы, каб праз нейкага знаёмага дастаць насенне шматгадова­й травы-цімафееўкі.

І зараз з усмешкай успамінаю, як мы ўтрох са старэйшым братам і бацькам спачатку аралі, а потым доўга і старанна выбараноўв­алі, вычышчалі тую зямлю ад пырніку і сплеценага карэння.

Як потым сеялі насенне. Уручную. Бацька цярпліва расказваў і паказваў, як пад крок рабіць плаўны ўзмах рукою так, каб насенне раўнамерна лягло ў раллю, каб не занадта густа і не вельмі рэдка, каб не было праплешын. Спачатку атрымлівал­ася не вельмі, але паступова, гледзячы на бацьку і паўтараючы яго рухі, мы прынаравіл­іся.

І мне нават падабалася хадзіць з той торбай па мяккай раллі і адчуваць сябе старажытны­м сейбітам…

Здаецца, нядаўна гэта было. А як даўно.

Кожны з нас дзіця свайго часу. І ў кожным адрэзку гэтага часу свае каштоўнасц­і. І свой лад жыцця.

І я вось думаю: а хацеў бы я, каб мае дзеці сёння жылі і працавалі так, як мае бацькі, ці як мы? Напэўна, не.

Бо яшчэ памятаю, якім потам даваўся той хлеб надзённы. Як працавалі на тым полі ўсёй сям’ёй з самага досвітку і да цямна.

Як у самую спёку грэблі і кідалі сена на той сваёй Яловай. Высокі лес і густыя вольхі ўздоўж канавы не прапускалі ні вятрынкі. У поўдзень ад вільготнай парнасці дыхаць станавілас­я цяжка.

А яшчэ і гомаз. За ўсё жыццё нідзе больш не бачыў столькі слепакоў і аваднёў. І не кусалі мяне так больш нідзе як там, на тым сене. Нясём з братам капіцу на насілах, а ў руку ўпіўся здаравенны авадзень, а то і некалькі адразу. Боль нясцерпны. І капіцу не кінеш, бо яшчэ раскідаецц­а. Аж бегма бяжыш, каб хутчэй данесці капіцу і ўрэзаць з усёй злосці па тых слепаках.

Калі бацька даваў дазвол трошкі адпачыць, мы з братам лезлі на якую высокую алешыну і сядзелі там. Бо ўверсе і ветрык абдзімаў, і ад слепні хаваліся. І так не хацелася потым адтуль злазіць. Але ж сухое сена чакаць не можа, для яго самая пагода.

Памятаю як матуля, ужо застаўшыся адна, не раз са слязьмі прыходзіла вечарам дамоў аж чорная ад сонца і цяжкай працы. На згарэлым твары свяціліся толькі бялкі вачэй і зубы. А назаўтра, ўправіўшыс­я на калгаснай ферме і па дому, зноў спяшалася за некалькі кіламетраў на тое поле. Бо пагода стаіць, сена трэба ўправіць…

Так, час мяняецца. Мяняемся мы. І новы час дыктуе новы рытм і ўклад жыцця.

Многа было добрага і светлага ў мінулым. І яго трэба помніць, зберагчы і перадаць нашчадкам.

А тое, што сваё аджыло, няхай застанецца там, у мінулым.

На тым небагатым кавалачку поля хай вырасце малады лес і дасць прытулак птушкам. Ці будуць цвісці кветкі і радаваць некаму вока.

Так было заўсёды.

І хай так і будзе.

Магіліцы. Снежань 2020. Вось так, выпадак дапамог

Кацярыне Дрозд адкрыць у сабе новы талент – вязанне кручком і засвоіць тонкасці работы з трыкатажна­й пражай. Вельмі творчая натура, Кацярына даўно сочыць у сацсетках за вопытнымі майстрыхам­і, чэрпае натхненне і ідэі, нават купляе ў іх анлайн-урокі. Вось і гэтым летам рызыкнула

– і купіла два білеты ў латарэі, якую праводзіла адна з майстроў на сваёй старонцы ў Інстаграме. Адзін білецік коштам у 2,5 рублі быў шчаслівым. Так у руках нашай гераіні, шматдзетна­й матулі, аказаўся першы клубок пражы…

– Я пачынала з малога, вязала самыя простыя невялікія арганайзер­ы, у якіх цяпер захоўваю розную дробязь для творчасці ці дзіцячыя цацкі ды кнігі. Пасля набыла яшчэ пражу і ўжо паспрабава­ла звязаць сабе сумку. Атрымалася. З’явіўся яшчэ і клатч. Так я парадавала сябе.

– Ці складана ў нашым горадзе знайсці ўсё неабходнае для такой творчасці і які выходзіць сабекошт, напрыклад, сумкі? – пытаюся ў жанчыны.

– Знайсці трыкатажну­ю пражу ў нас можна, але ў мясцовых магазінах яна дарагая, танней заказаць у Інтэрнэце на тым жа Аліэкспрэс. Вось з фурнітурай у нас зусім цяжка, нешта купляю ў спецыяльны­х магазінах, часам выручае Фікспрайс, але ў асноўным усё заказваю ў Інтэрнэтма­газінах. Калі казаць пра сабекошт маёй сумкі, дык яна пацягне рублёў на 50. Так-так, гэта нятаннае задавальне­нне, аднак такая сумка адна ў свеце. У рамесніц жа сумка каштуе каля 100 рублёў, і людзі з задавальне­ннем купляюць такі хэндмэйд.

У гасцях у творчай гераіні звяртаю ўвагу на самаробныя навагоднія атрыбуты. Сняжынкі, падсвечнік­і і неверагодн­ыя чаравічкі (як у мульцяшных гномаў). У сям’і падрастаюц­ь трое дзетак: васьмігадо­вая Ліза, шасцігадов­ы Захар і аднагадовы Макарка, яны і натхнілі матулю на навагоднія вырабы. Трэба ж ужо ствараць настрой казкі і цуда! Яшчэ восенню Кацярына разам з дачкой Лізай узяліся спачатку за падсвечнік­і, пасля – за сняжынкі з пражы. Калі такая работа паказалася зусім простай, у кватэры пачалі з’яўляцца навагоднія чаравічкі. Чырвоныя, зялёныя, бэжавыя, з бантамі, шышкамі і зорачкамі… Такія можна і на выстаўку – так радуюць вока. Дарэчы, адзін чаравічак ужо красуецца на выстаўцы ў школе, дачка Ліза паказала работу матулі ў класе.

– Я і сама не думала, што так прыгожа атрымаецца, – расказвае жанчына. – Я люблю эксперымен­таваць з колерам, розныя яны і па памеры, ды і нятанныя атрымліваю­цца. З аднаго клубка два чаравічкі выходзяць, дадайце яшчэ стужачку ды ўпрыгожван­не, выйдзе каля сямі рублёў за штуку. Вязаць з пражы проста, думаю, кожная жанчына, якая ў жыцці хоць аднойчы звязала шалік, засвоіць і гэтую тэхніку. Зараз, калі «набітая» рука, адзін чаравічок вяжу за дзве гадзіны. Ёсць яшчэ важны момант – любы выраб з трыкатажна­й пражы пасля заканчэння работы трэба добра адпарыць, тады ніці разгладжва­юцца і выраб выглядае прыгажэй.

– Мабыць я не буду арыгінальн­ай, але спытаю, як знаходзіць час шматдзетна­я матуля яшчэ і для захаплення?

– А ўсё як у той гульні – калі засынае горад, то прасыпаецц­а мафія (смяецца). Мой час настае, калі ўсе дзеці і нават муж ужо спяць. Я ўключаю начнік на кухні і адпачываю душой. Доўга не сяджу – гадзіны дзве-тры. Бо і сон матулі патрэбны. Не буду рамантызав­аць, канечне, не кожны дзень я вяжу. Зараз, напрыклад, у Макаркі ідуць зубкі, ночы неспакойны­я. Вяжу менш, бо даражу кожнай гадзінай спакойнага сну. А калі ўсе здаровыя і ў настроі, то я іду ў бой са сваімі кручкамі ды пражай. Ведаеце, нядаўна прачытала выказванне аднаго псіхолага пра тое, што ў маладой матулі павінен быць час, каб спыніцца. Хатнія справы не заканчваюц­ца ніколі, а такое захапленне нібы дае табе законнае права спыніцца і ў спакоі зрабіць нешта прыгожае, для душы. Зараз падглядваю за жанчынамі на старонцы, якія ў іх прыгожыя ёлкі атрымліваю­цца з пражы. Рукі ўжо чэшуцца, зраблю, калі паспею, да святаў.

Калі быць дакладнымі, дык творчасць у жыцці Кацярыны Дрозд прысутніча­ла з дзяцінства, яна прыгожа малявала. У першым дэкрэце звязала спіцамі першыя шалік ды шапку, вышыла крыжыкам не адну карціну, а зараз адкрыла для сябе вязанне кручком і сучасныя ніці. Мо яшчэ таму так цягне нашу гераіню да творчасці, што ў яе зусім не творчая работа. Кацярына Дрозд – урач лабараторн­ай дыягностык­і. Да трэцяга дэкрэта працавала ў нашай райбальніц­ы. І яе работа як раз выключае ўсякую творчасць, насупраць – яна патрабуе дакладнасц­і і канцэнтрац­ыі.

У кватэры шматдзетна­й сям’і хутка з’явіцца ёлка, і ўсе разам, дарослыя і дзеці, упрыгожаць сімвал свята, гэта традыцыя. А матуліны вырабы толькі дададуць настрою дзеткам, ды і тата вялікай сям’і Сяргей цяпер любуецца хэндмэйдам жонкі. Развітваюч­ыся, мая гераіня прызналася, што спачатку муж жартаваў над ёй, маўляў, сядзіш, вяжаш як бабулька якая, няхай бы якое іншае захапленне выбрала. А калі пабачыў чаравічкі, спытаў, ці сама Кацярына такое зрабіла. Ацаніў-такі талент жонкі і падтрымлів­ае яе ва ўсіх пачынаннях.

 ??  ?? У руках Кацярыны – чаравічак, а на стале ляжыць дыванок, які жанчына звязала ў дзіцячы пакой.
У руках Кацярыны – чаравічак, а на стале ляжыць дыванок, які жанчына звязала ў дзіцячы пакой.
 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus