Ivatsevitski Vesnik

Бяжы, Вера, бяжы

- Вольга ШЭЛЯГОВІЧ

Зямля, можа быць, і вялікая, але круглая, упэўнівала­ся я шматразова. Нядаўна гутарыла з сяброўкай, і размова зайшла пра нашых агульных знаёмых – Веру і Мішу (імёны змененыя). Гадоў 10 назад яны сталі мужам і жонкай (дзесьці ў той час мы і бачыліся ў апошні раз), і вось цяпер разводзяцц­а, і сяброўка расказала, што дапамагае Веры не згубіць веру ў свае сілы, у людзей, у правасуддз­е і крыху дапамагае фінансава, бо перажыць такі балючы развод – гэта задача не з простых.

Кажучы словамі класіка, усе няшчасныя сем’і няшчасныя па-свойму, але гэтая гісторыя разводу мяне проста ўразіла, таму і пішу пра яе. Пачыналася ўсё прыгожа. Міша быў на некалькі год старэйшы за Веру, пазнаёмілі­ся праз агульных сяброў, ажаніліся. Быў ён хлопцам перспектыў­ным, пазней знайшоў сябе ў It-сферы, добра зарабляў. Да таго ж прывабны знешне, абаяльны, з шырокай усмешкай – ён выклікаў уражанне прыемнага чалавека. Праўда, не хацеў дзяцей і з Верай бавіў мала часу, затое не шкадаваў грошай на яе адпачынак, і ў інтэрнэце мільгалі фотаздымкі з падарожжаў за мяжу, у якія яна ездзіла адна.

Праўдамі-няпраўдамі Вера нарадзіла дзіця. Міша хоць спачатку быў супраць папаўнення ў сямействе, змірыўся, а пасля і ўвогуле да дачкі моцна прывязаўся. І ў дзіцячы садок яе вызначыў прыватны, найлепшы. Сам адводзіў яе туды, сам забіраў, бо з-за работы маці было нязручна рабіць гэта. Пасля садка яны часта бавілі час у кафэ, у забаўляльн­ых цэнтрах, гулялі. Купляў ёй цацкі без меры, песціў. Во гэта бацька! Ці не так вы падумалі?

Але Вера стала заўважаць за мужам дзіўныя рэчы. Напрыклад, ніяк не магла яна зразумець, нашто ён пастаянна здымаў яе на камеру дома. Чаму бавіў час з дзіцём, але не запрашаў яе далучыцца да сумеснага адпачынку. Ды і іншыя моманты не давалі спакою. Усё стала на свае месцы, калі Міша падаў на развод. І зрабіў ён гэта пасля набыцця новай кватэры. Дзеля таго, каб зрабіць у ёй рамонт, купіць мэблю, Вера прадала кватэру бацькоў. І развод наспеў акурат тады, калі выручаныя грошы былі ўкладзеныя ў новае жыллё. Чакайце, гэта яшчэ не ўсё. У адзін з разоў, калі Міша здымаў Веру на тэлефон, яна адбірала гаджэт і пазногцямі падрапала мужу руку. Дык ён звярнуўся ў міліцыю і зняў пабоі! І цяпер прыкладвае намаганні, каб адабраць у Веры дзіця (і, мяркую, праз гэта і 2/3 новенькай кватэры), сцвярджае, што жонка неадэкватн­ая.

У судах ён пускае у ход цяжкую артылерыю – доказы, што ён цудоўны бацька і займаўся дзіцём увесь час: фотаздымкі, зробленыя падчас сумесных прагулак па забаўляльн­ым цэнтрам, чэкі, якія сведчаць, што на дачцэ ён не эканоміў. У дзіцячым садку выхавальні­кі бачылі ў асноўным тату. А што рабіла маці? А маці быццам бы толькі крычала на дзіця і «катавала»

бацьку – і пра гэта сведчыць нарэзка хатніх відэа, вырваных з кантэксту, якую зрабіў Міша. Дарэчы, пэўны час Вера з Мішам хадзілі да сямейнага псіхааналі­тыка, толькі жанчыне спецыяліст не спадабалас­я. А Міша ходзіць да гэтай пары і плаціць за тое вялікія грошы. Цікава, што кажа пра гэтую сітуацыю доктар? Няўжо адабрае ўчынкі кліента?

Вера засталася без маці, паспагадац­ь ёй няма каму. Пераехала на здымную кватэру, і дачка пакуль што жыве з ёй. Але жанчына надта баіцца, што муж адбярэ дзіця праз суд. Сябры ведаюць выпадкі, калі такое здаралася пры падобных абставінах, хоць мне здаецца неверагодн­ым, каб дзіця разлучылі з годнай маці. А Вера цудоўная – добрая і разумная жанчына. Дачку любіць і клапоціцца пра яе не штучна, не напаказ, а па-сапраўднам­у. Як жа лёгка перакуліць усё з ног на галаву, калі задацца мэтай. І галоўнае, ёсць паперкі, якія можна прыкласці да справы, якія збіраліся гадамі.

Гранітны каменьчык у грудзях павінен быць у чалавека, які ўсміхаецца табе ў твар і планамерна рыхтуе здраду. Ды якую здраду! Хоча пазбавіць цябе самага дарагога, пазбавіць усяго. І ніхто не можа дапамагчы. Адна надзея – на правасуддз­е, і з гэтай надзеяй і жыве цяпер Вера, даведзеная некалі каханым мужчынам да антыдэпрэс­антаў, да адчаю.

Пра што гэтая гісторыя? Пра няшчасны лёс? Не. Яна пра подласць, на якую бываюць здольныя мужчыны-тыраны. І пра псіхалагіч­нае насілле ў сям’і, ад якога жанчына зусім не абаронена. Ды і наіўна чакаць, што хтосьці дапаможа – дапамажы сабе сам, а ў нашым выпадку – сама. Нашы жанчыны ўмеюць прыдумаць апраўданне агрэсару, з падсвядома­сці ўсплывае выраз: «Б’е – значыць любіць», у тым ліку калі б’е словам. Але цяпер не XVI ст. – час, калі нормай лічыліся рэкамендац­ыі з кнігі «Домо

строй», у якой мужчын вучылі, як правільна біць жонак, каб надта не пакалечыць – у выхаваўчых мэтах. Сёння любое насілле – гэта парушэнне правоў чалавека. Гэта тое, што ў любым выглядзе, ступені, форме выклікае вап ў мяне абурэнне, агіду.

Калі цябе супраць тваёй волі здымаюць на камеру, калі кантралююц­ь кожны твой крок з-за рэўнасці, калі адбіраюць грошы і табе трэба прасіць лішні рубель на сродкі гігіены (а гэта рэальная сітуацыя, пра якую мне стала вядома), калі выклікаюць у цябе пачуццё віны, пастаянна крытыкуюць – гэта не «выхаванне», гэта жыццё з хворым чалавекам, які імкнецца знішчыць у табе асобу, абясцэніць цябе, прынізіць, растаптаць, ідучы нават на здраду. І ёсць толькі адно выйсце – уцякай адразу і беспаварот­на. Не чакай, калі зачыніцца мышалоўка. А нават калі і зачынілася – не апускай рук, змагайся. Я ведаю жанчын, якія зрабілі гэты крок, і ніхто з іх не пашкадаваў пра тое і мае шанец зберагчы псіхіку сваіх дзяцей. Бяжы ад тырана, Вера, Каця, Таня, Галя. Бяжы ва ўсе ногі. Бяжы!

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus