Ivatsevitski Vesnik

Вера. Размова з матушкай Марыяй

-

– Што такое вера?

– Для мяне вера не мысліцца асобна ад даверу. Калі мы верым чалавеку, гэта значыць ва ўсім яму давяраем. Тое самае і ў адносінах да веры ў Бога. Вера – гэта тое, што чалавек успрымае, не бачачы. Мы, праваслаўн­ыя людзі, настолькі верым Госпаду, што ўсё, што ён гаворыць, мы ўспрымаем на даверы. Вядома, ёсць у нас Евангелле, на якім заснавана веравызнан­не, ёсць устаў, катэхізіс, у якіх распісана ўсё па пунктах, але мы верым, таму што давяраем.

– Як зразумець, вера сапраўдная ці не?

– У маім вопыце ёсць такі выпадак, калі да нас прыехала раба Божая, не ахрышчаная ў праваслаўі, якая займала высокі пост. У яе была трэцяя стадыя рака. Жанчына была ў роспачы, і хтосьці ёй параіў, што трэба прыняць праваслаўн­ую веру. Яна прыехала да нас, у маленькую вёсачку, разгублена­я і няшчасная. Была восень, вельмі холадна, з бацюшкам і ёю мы паехалі ў Жыровічы. Бацюшка ў яе пытае перад купеллю: «Вы верыце, што Вы ацаліцеся?» Чалавек свецкі, не ведаючы нічога пра Бога, яна адказвае: «Так, веру». Бацюшка яе пахрысціў, і яна ацалілася, і жыве ўжо больш за 10 гадоў, працуе, займаючы той важны пост. У Бога ўсё магчыма.

– Калі яўны цуд, то лягчэй, а калі чалавек ходзіць у храм 10-20 гадоў, а ў яго нічога не мяняецца?

– Няпраўда, што не мяняецца. Калі чалавек ходзіць доўга ў храм, у яго адбываюцца змены ўнутры. Зараз людзі заняты мітуснёй, таму яны не могуць звярнуць на гэта ўвагу. Яны жывуць напружаным жыццём: рабочы час не абмежаваны, выконваць трэба вялікі аб’ём работы… І яны моцна стамляюцца. На тое, каб штосьці асэнсаваць, у іх проста не хапае сіл.

Першае цуда ўжо адбываецца, калі чалавек прыходзіць у храм першы раз. Чалавек свецкі, з міру, які нічога не ведае пра Бога, прыходзіць у храм, і яму там вельмі добра. З часам у яго з’яўляецца першая сляза, ён пачынае, сам не ведаючы чаму, плакаць, далей яму хочацца бацюшку, можна сказаць, абсалютна чужому чалавеку, адкрыць сваю душу, хочацца расказаць пра свой боль, што з ім адбываецца. Калі першы раз прычашчаец­ца, адчувае аблягчэнне, а то і лёгкасць такую, што хоць лунай над зямлёй. Потым з’яўляецца жаданне спазнаць веру глыбей, ён пачынае чытаць кнігі, пытаецца ў іншых, што пачытаць. Цуда, якое здзяйсняе Гасподзь, – чалавек паціху мяняецца, ён становіцца іншым. Я не хачу сказаць, што ён больш не грашыць, вядома грашыць, таму што ён жывы чалавек. Але гэта ўжо іншы чалавек. Чалавек, які спазнаў Бога, лягчэй пераносіць цяжкасці, смутак. Калі ў яго ёсць сапраўдная вера, то што б ні адбывалася з ім, ён прымае так – усё гэта тварыць ці папускае Бог. Давяраючы Богу, чалавек не баіцца будучыні, ніякіх хвароб, не таму што ён не можа захварэць, а таму, што ён прыме гэтую хваробу як ад рукі Самога Бога. А тое што папускае Бог – усё добра.

– Якой павінна быць малітва?

– Давер да Бога ўзнікае тады, калі чалавек, які прыйшоў у храм, пачынае пытаць, што такое малітва. Веруючы чалавек не можа без малітвы. А малітва – гэта размова з Богам гарачага сэрца. Нованачаль­ны чалавек не ведае, як яму гэта рабіць і таму бярэ малітвасло­ў і чытае па ім: «Госпадзі, не пазбаў мяне нябесных тваіх даброт». Чалавеку гэта зразумела, і ён паўтарае гэтыя словы. Тэксты, якія напісаны святымі, пакінуты нам, як прыклад. З часам тэксты ранішніх і вячэрніх малітваў становяцца штодзённым правілам, своеасаблі­вай загартоўка­й веруючага чалавека і без гэтага «правіла» ён не ўяўляе, як можна выйсці з хаты. Гэта тое ж, як выйсці галодным і не памытым. Потым да «правіла» дадаюцца акафісты, Псалтыр… Маліцца можна штохвілінн­а кароткай Іісусавай малітвай, можна сваімі словамі, але шчыра, з душой. І праз малітву з часам у чалавека з’яўляецца адчуванне, што яго чуе Бог. І мы кажам, што ў чалавека з’яўляецца сувязь з Богам. Жывая.

– Як зразумець, якая думка ад Бога, а якая ад нячыстага?

– Кожны чалавек – істота мыслячая. Праз нас праходзіць тры віды думак. Адны – чалавечыя, якія пасылае плоць – хачу есці, напрыклад. Думка, каб не зрабіць зло, – ад Бога. Наадварот, калі, напрыклад, праходзіш міма чалавека і з’яўляецца думка – удар яго, зняваж. Гэта ад д’ябла. Калі ў чалавека наладжана сувязь з Богам, то ён адрознівае гэтыя думкі. Вораг пасылае розныя спакусы. Асабліва, калі шмат несправядл­івасці ў жыцці, то прыходзяць думкі, як жа так, я так пакутую, куды глядзіць Бог? І ў залежнасці ад нашых думак і ўчынкаў чалавек або аддаляецца ад Бога, або набліжаецц­а. Усё гэта я прайшла. Прыходзіць этап, калі нараджаецц­а поўны давер да Бога. Усё, што пасылае Бог, табе дастаўляе ўпэўненасц­ь. Не страх, не крыўду, не боль, а ўпэўненасц­ь і спакой. Што б ні адбывалася ў жыцці, чалавеку не страшна, таму што ёсць Бог, які можа ўсё змяніць.

…З матушкай Марыяй мы гутарылі на розныя тэмы. Што такое надзея, якой глыбіні павінны быць цярпенне, прабачэнне і любоў… Яна слухала пытанні і адказвала на іх з той жа любоўю, прастатой і мудрасцю ад Бога. І кранала да дна душы, слёзы самі цяклі. Час праляцеў імгненна, а жанчыны не маглі наталіцца ціхім змірэннем і любоўю, якая зыходзіла ад гэтай худзенькай, з чыстай душой дзіцяці, жанчыны – нявесты Хрыстовай.

Валянціна БОБРЫК.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus