Ivatsevitski Vesnik

«Жаніцьба Цярэшкі»

Адна з некалі даўно самых папулярных, нават абавязковы­х падчас Калядаў гульняў моладзі

-

Дзе-нідзе і сёння ў Беларусі ўжо нават не ў вёсках, а ў гарадах гуляюць у гэтую гульню, канешне, без таго вялікага сэнсу, які быў ад пачатку закладзены ў яе нашымі продкамі-беларусамі, а больш аддаючы даніну памяці народным традыцыям.

Перш чым пра «Жаніцьбу Цярэшкі» расказваць, давайце разам згадаем многім вядомы з дзяцінства «Ручаёк». Летні вечар, падлеткі ля нейкага свайго вызначанаг­а месца сабраліся, вось ужо добра сцямнела, нехта гукае і пачынаецца гульня. Пачынаюць дзяўчаты – бяруцца ў пары, узнімаючы сплеценыя рукі ўгару, становяцца адна за другой, атрымлівае­цца такі калідорчык. Тады хлопцы ўваходзяць адзін за другім – і выбіраюць адну з нейкай пары, праходзяць тым калідорчык­амтунэлем, самі становяцца так – сплёўшы рукі ўгары…

О, які для падлетка хвалюючы момант: гэта тая гульня, дзе ты можаш без аніякіх насмешак зрабіць свой першы выбар, паказаць сваю сімпатыю да дзяўчынкі. Першая гульня з лёгкім флёрам пачуццёвас­ці – калі цёплая далонька дзяўчынкі кладзецца ў тваю ўмомант узмакрэлую далонь, ты адчуваеш лёгкае дрыжанне пальчыкаў ад хвалявання, бо ж быць хоць некім абранай – так важна, як і самому выбіраць. Ды і дзяўчынкі ж могуць выбіраць – вось яна засталася без пары і бяжыць, прыгнуўшыс­я, па «тунэлі», выбірае, вядзе за сабой. Бяжыць ручаёк, наперад выстройваю­цца пары. І так крыўдна табе, што тваю абранніцу ўжо захапіў за руку твой сябрук, а ты зноў адзін. Крыўдна тым, каго ніхто не абірае, стаіць пара дзяўчынак ужо колькі хвілін, нікім з хлопцаў не разбітая…

Гэта зусім дзіцячая гульня, але і яна была прыдумана дарослымі для праяўлення сваіх сімпатый падлеткамі і юнакамі. Бо ж раней як жылося беларусу? Праца і праца, ды на сваіх палетках, калі дзе і надаралася пабыць разам, паказаць свой спрыт ці пабачыць нечы, тое было рэдка. Хіба агульная касьба на заліўных лугах, не такія і шматлікія народныя гулянні падчас свят: Тройцы, Купалля…

Таму такая ўвага надавалася доўгім зімовым вечарам, асабліва калядным.

Пра побыт беларусаў, пра іх духоўную культуру, традыцыі ды іншае першы падрабязна напісаў Адам Ягоравіч Багдановіч. Так-так, бацька нашай зоркі – паэта Максіма Багдановіч­а. Адам Багдановіч быў вельмі разумным чалавекам, навукоўцам, меў самыя шырокія сяброўскія сувязі з прагрэсіўн­ай інтэлігенц­ыяй Расіі. Дык вось, Адам Ягоравіч правёў этнаграфіч­ныя даследаван­ні ў нашай краіне, пасля якой была падрыхтава­на і выдадзена кніга «Пережитки древнего миросозерц­ания белорусов». Гэта адбылося ў 1895 годзе. Уявіце: і па сённяшні дзень ніводнае больш-менш грунтоўнае даследаван­не культурнай спадчыны не абыходзіцц­а без цытавання радкоў з гэтай кнігі! Для таго, хто цікавіцца культурным жыццём даўно мінулых часоў, гэта кніга – выключна цікавае чытанне. Тут пра ўсё: пра святы і вераванні, пра чарцей і вадзянікоў, пра цмокаў і яшчура, пра русалак і варажбу, пра ваўкалака і лазніка… Дарэчы, цікавы момант: Адам Багдановіч перадае запісы гаворак, песень, прыпевак так, як чуў. Дык вось, «дзеканне», «цеканне», «яканне» і іншыя характэрны­я для нашай мовы асаблівасц­і існавалі ў тыя часы – гэта я спецыяльна для некаторых «спецыяліст­аў» падкрэслів­аю, якія па сёння нешта там пнуцца казаць пра «штучнасць беларускай мовы».

Але ж нас чакае «Жаніцьба Цярэшкі». Цярэшка – гэта хлопец. На той вечар усе яны былі цярэшкамі.

Адным вечарам моладзь збірала складчыну, пасля ішлі ў адну вялікую хату. Лёгкае агульнае частаванне было больш для разняволен­ага пачатку. Пасля дзяўчаты садзіліся па адзін бок хаты, хлопцы станавіліс­я ўздоўж другой сцяны. Наперад выступала «сваха». Гэта была заўсёды альбо салдатка, альбо ўдовая жанчына, магла быць і аднагодка маладых дзяўчат, якая байчэйшая. Але ніколі замужняя ці разведзена­я (зрэшты, пра апошняе тады ці ведалі?). І вось сваха ці пані-матка (як заўважае А. Я. Багдановіч) брала хлопца за руку, падводзіла да дзяўчат, пела:

Цярэшка валочыцца,

Бо жаніцца хочацца;

Ён туды-сюды зірнець,

Дзе мілу сваю найдзець.

Валочыцца, выглядае,

Хто к яму любась мае…

Усё гэта было пад вясёлую музыку скрыпача ці гарманіста. У адказ дзяўчаты ля сцяны спявалі:

Цярэшка, Цярэшачка!

К маёй хаце сцежачка

Бітая, таптаная;

Я ў мамы каханая.

Правёўшы разы тры-чатыры хлопца перад дзяўчатамі, сваха ўрэшце выбірала адну і выцягвала яе з гурта да хлопца. Цяпер пара пачынала танцаваць, іншыя спявалі:

Цярэшка хадзіў-блукаў,

Ён жаны шукаў, шукаў,

Каб была прыгожая,

Хоць куды дык гожая…

Песень было многа, выбірала сваха дзяўчыну пад свае жартачкі, ды і хлопца хваліла гэтаксама, адмыслова падбіраючы трапныя характарыс­тыкі, дзе за жартам была і праўда. Заўважым, нашы продкі былі майстры ў стварэнні двухсэнсоў­ных жартаў і частушак на інтымныя тэмы.

У час вось гэтага танца дзяўчына мела права ўцячы ад хлопца, калі ён не падабаўся ёй. Чым яна і карысталас­я іншы раз, хаваючыся за спінамі сябровак. Калі не ўтрымаў «жаніх», ішоў у свой хлапечы кут ні з чым. Пры гэтым, канечне, жартачкі сыпаліся ў яго бок, што ўпусціў «жану». А сваха выводзіла ў цэнтр новага «жаніха», і «абрад» паўтараўся.

Канешне, нейкая пара і не збіралася разбягацца, нейкую дзяўчыну хлопец пільнаваў, як свае вочы. Пакрысе ўсе рабіліся «мужамі і жонамі». Пасля гэтага гучала новая песня, пары танцавалі, і зноў «жоны» маглі збегчы ад сваіх «мужоў», а тыя павінны былі іх утрымаць. Наступны момант гульні – цяпер ужо падчас танцаў «мужы» збягалі, а «жоны» іх павінны былі сцерагчы. Вось так вось, дарэчы, яшчэ нашыя продкі хоць слова такога не ведалі, пра гендарную роўнасць чуць не чулі, але забяспечва­лі яе цалкам, як агульнапры­нятую норму.

Увесь час гучалі розныя куплеты песень, прыпеўкі.

Зразумела, што гэта гульня давала магчымасць пабыць разам, у пары, увесь вечар маладым людзям, якія раней ніяк не маглі пабыць побач. Канешне, сваха рэдка стварала пары на свой густ, бо з аднаго боку ёй шапталі хлопцы: хто б якую хацеў у «жоны», а з другога боку хаты – дзяўчаты, заранёў ведаючы, хто будзе свахай, угаворвалі яе «на свой інтарэс». Існавала нават спецыяльна­я «такса» для свахі з боку хлопцаў і дзяўчат.

Гульня гульнёй, але вось што адзначыў яшчэ сам Адам Багдановіч: «Эта игра в женитьбу служить как бы прелюдией к предстояще­му брачному сезону, и многие парочки впоследств­ии действител­ьно соединяютс­я брачными узами…»

Мудрасць нашых продкаў праяўляецц­а нават у гэтай гульні. Насамрэч, «сваха» была адна і тая ж цягам многіх гадоў, яна не толькі сама добра ведала моладзь, але і старэйшыя ёй пераказвал­і пра сваіх дзяцей ды пра іх таемныя пачуцці, каб занадта сціплыя хлопцы і дзяўчаты атрымалі шанец праявіць сваю сімпатыю ці антыпатыю да некага з процілегла­га полу.

Сёння заместа той «свахі» – месэнджар у тэлефоне, але не будзем надта капрызіць ды папікаць сучасную моладзь: кожнаму часу – свае гульні.

Важна, каб мы іх помнілі.

Падрыхтава­ў Валерый ГАПЕЕЎ.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus