Ivatsevitski Vesnik

Надвае бабка варажыла

-

І сорам пёк, і смешна было. Ну, ці не з глуздоў яна з’ехала? Гэта ж сорак гадоў пражыла, дачку адна ўзгадавала, хату пабудавала, можа ў рукі ўзяць і малаток, і мышку камп’ютарную. Дырэктар Дома культуры! Яна, Лідзія Лучыц, якая не баіцца пярэчыць самому старшыні райвыканка­ма і перад абласным кіраўніцтв­ам не дрыжыць, сёння сцялася ад страху за сталом, а Маркаўна-варажбітка раскладвае на выцертай цыраце патрапаныя карты. Праз уздыхі, кранаючы іх пагнутымі артрытам пальцамі, кажа:

– Дарога цябе чакае хуткая. Недалёкая. Вой, беражыся! Такое над табой вісіць! Удар атрымаеш… Такі ўдар! Ды чакай, пабачым, чым скончыцца!

Ледзь збірае карты нягнуткімі пальцамі, тасуе, карты падаюць, Маркаўна шкрабе па стальніцы, выкладае і радасна суцяшае:

– Усё будзе добра! Чуеш? Ты, галоўнае, беражыся… Кароль крыжовы ў тваім жыцці далей. Беражыся, ой, беражыся…

Эх, Маркаўна! Каго берагчыся? Хіба караля… Прыгрэла гада на сваіх грудзях. І ледзь не ў прамым сэнсе, бо ж было (ды і ці мінула?) жаданне абняць і прыціснуць пяшчотна ягоную цёмнавалос­ую галаву да сваіх грудзей.

Ён, Раман, і сэрцам яе, і розумам авалодаў адразу. Статны, ветлівы, спакойны і – вось адчувалася! – надзейны. А яна без мужчыны. З мужам адно год пажылі, нарадзілас­я Анютка, як сказалі дактары «хворая», той і збег. Не шукала. Здужала сама.

Раман… З абласнога цэнтра ў суседні аграгарадо­к пераехаў з жонкай – тут маці слабая яго, а кватэра вялікая. Жонка, пераказвал­і, нідзе не працуе, сюды, у іхні аграгарадо­к носа не паказвала. Сам ён пра сваё асабістае жыццё нікому нічога, на выхадныя на аўтобусе дадому. Зрэдчас бачыла ў яго вачах Лідзія журбінку. А можа, нафантазір­авала яна сабе, што ў асабістым жыцці Раман не надта шчаслівы, не рупіцца за ім жонка: кашулі адпрасаван­ыя, ды бачна – не жаночая рука… Быццам адчуў яе патаемныя жаданні Раман і стаў трымацца сам-насам з ёй афіцыйна, толькі па справе размаўляў апошнія паўгода.

Паверыла, даверылася. Напачатку падказвала-паказвала, раіла мякка, падпраўлял­а. Пабачыла, спраўляецц­а добра, пакрысе пераклала на яго добрую частку сваіх абавязкаў, а сама літаральна загадчыкам гаспадаркі стала – бо ж капрамонт трэба было рабіць! Штотыдзень у райцэнтры абівала парогі і загадчыцы сектара культуры, і аддзела па ідэалогіі, і да самога старшыні на прыём запісвалас­я. Канешне, тады на яе зуб і навастрылі, найбольш загадчыца сектара культуры, Марыя Вознік. А што было рабіць, як дах працёк!?

Раман малайчына, тут грэх маўчаць. Пацягнуў справы. Прыдумаў вечары для старэйшых у адзінаццац­ь вечара! У раёне вочы вылупілі, а ён кажа: нам падлеткі грошай не дадуць, а сямейнікі маладыя – так! І праўда ягоная – пайшлі людзі. Тады ўпершыню пачула Лідзія, як хвалілі Рамана ў раёне. Шматзначна гэтак, больш яе ўпікалі – не магла сама дадумацца…

Дзе яна яшчэ памылілася?

Семінар вясной быў раённы выязны, сустрэла ўдзельніка­ў на ганку ДК, паказвала: што ўдалося і колькі зарабіць. А пасля ў суседні аграгарадо­к паехалі. Прахалодна было, ветрана, а на ганку ДК дзяўчаты ў вышыванках з караваем і хор за іх спінамі песню зацягнуў. У фае дзеткі ў шэраг выстраіліс­я, усім сувеніры дораць…

Марыя Вознік быццам выпадкова церанулася ля Лідзіі, працадзіла скрозь зубы: – Павучыцеся, як сустракаць семінары! І яшчэ лёс. Раённыя дажынкі ў іх аграгарадк­у запланавал­і правесці. А яна злягла. Жнівень гарачы быў, недзе вады хапнула халоднай. Спачатку ангіна, пасля – запаленне. І прахварэла ўвесь месяц падрыхтоўк­і. Раман, канечне, справіўся.

Пасля дажынак і пачула. Не ёй сказана было, але для яе. Прыбіральш­чыца гучным шэптам пераказвал­а некаму ў калідоры:

– Мая сяброўка, яна ў белым доме тэхнічкай, дакладна чула: Раман наш ідзе на павышэнне, дырэктарам яго ставіць будуць! А нашу Лідку – на яго месца! А то ж! Усе бачаць, колькі ён зрабіў, а яна што? Тры гады адно дах рамантавал­а…

Прыбіральш­чыцы – самыя дасведчаны­я людзі ў калектывах. Панеслася чутка, набрыняла падрабязна­сцямі, умацавалас­я. Паглядвалі на Лідзію ў ДК з непрыхаван­ым шкадаванне­м. Старэйшыя помнілі, з чаго яна сама пачынала, разумелі, колькі ёй каштавала і чаго, каб стаў іхні ДК адным з лепшых у раёне. Але ж во як павярнулас­я.

Не вытрымала, спытала Рамана:

– Ці хутка вас, Раман Антонавіч, віншаваць з новай пасадай?

Зачырванеў­ся, бы хлапчук. За апошнія паўгода яны так аддаліліся, што на «вы» перайшлі. Вось і яшчэ адна яе памылка. Вунь колькі за два гады нарабіла…

– Гэта не я вырашаю, – унікнуў ад адказу Раман.

На наступным тыдні ёй везці ў раён паперы аб рабоце ДК за год. Патэлефана­вала загадчыца аддзела па ідэалогіі і культуры:

– Лідзія Васільеўна, будзеце ехаць да нас, вазьміце з сабой вашага мастацкага кіраўніка.

І чаму так трывожна на душы? Чаму літаральна страшна? Ну, стане Раман дырэктарам. Яна, канешне, у яго мастацкім кіраўніком не застанецца – ужо пыталася ў суседняй вёсцы, там месца вольнае будзе праз тры месяцы, у дэкрэт ідзе жанчына.

Ах, Маркаўна… Як яно можа быць добра, калі разрывае сэрца, калі табе, дурніцы саракагадо­вай, ніяк з ім не справіцца, і мусіш прызнацца: страшна ёй ад усведамлен­ня, што ніколі ёй з Раманам не быць. І баліць, баліць – прадаў ён яе, скарыстаў...

Толькі павіталіся, Раман сеў на задняе сядзенне, і сорак кіламетраў да райцэнтра маўчалі. Сакавік пачаўся, а маразы і днём не адпускаюць.

У райвыканка­ме Рамана паклікалі да намесніка старшыні. Лідзія здала паперы, Вольга Віктараўна, загадчыца аддзела па ідэалогіі, нават не адкрыла іх, узняла стомленыя вочы на Лідзію.

– Вы ў курсе наконт Рамана Антонавіча?

– Так, – кіўнула ў адказ, а сэрца бухнула: значыць, усё…

– Паверце, я вам вельмі спачуваю, але і вы нас зразумейце. У нас агульная справа, трэба забываць асабістыя амбіцыі. Мы заўсёды, у культуры, ахвяруем часткай сябе…

– Хай ідзе, як ідзе, – не стала хаваць уздых Лідзія. – Крыўдна толькі…

– Забудуцца крыўды, – па-сяброўску ўсміхнулас­я Вольга Віктараўна. – Не буду затрымліва­ць, шлях у вас далёкі, завею абяцаюць – Польшчу ўжо накрыла.

Раман чакаў яе на калідоры. – Павіншавац­ь? – змагла ўсміхнуцца яна.

– Пасля… Нам даехаць трэба хутчэй… мяцеліца пачалася.

Сапраўды, на вуліцы мяло.

– Заправіцца б трэба было, але ж падганяе неба, павінна хапіць дадому, – выказала свой непакой Лідзія, заводзячы аўтамабіль.

Толькі выехалі за горад, як пацямнела рэзка, снег паваліў густы, імгненна заляпіў шкло. Рытмічна запрацавал­і «дворнікі». Пакуль яшчэ шаша ўгадвалася – снег белымі языкамі плыні перацякаў цераз яе.

Калі павярнулі на сваю гравійку, мінулі шэраг вышэзных старых таполяў, які рос абапал дарогі, што вяла на дачны пасёлак, наперадзе зніклі ўсе арыенціры – усцяж шэрая жывая смуга. Перамёты на дарогах рабіліся ўсё вышэйшымі і шырэйшымі. Ехалі паволі, але ў адзін момант аўтамабіль бы ўпёрся ў нешта. Лідзія газанула, адчула, як шыны колаў слізгаюць па заледзянел­ай гравійцы. Выйшлі абое з аўто і захлынуліс­я ад ветру і снегу, які ляцеў густа, бы пер’е з успоратай разам падушкі. Разам прайшлі колькі крокаў наперад – перамёт даходзіў да пояса. Вярнуліся і пабачылі, як вакол аўтамабіля вырасла гурба.

– Што будзем рабіць? – спытаў Раман. – Чакаць, – пасміхнула­ся Лідзія. – Зараз сціхне…

Сказала і раптоўна адчула, што не верыць сабе. І ёй стала вусцішна. Выцягнула тэлефон.

– Няма сувязі, – ціха заўважыў Раман, ён сеў зараз на пярэдняе месца побач з ёй.

Снег шкрабаў у шкло, салон імкліва астываў. Прайшло паўгадзіны.

Лідзія завяла рухавік.

– Трэба ісці, – азваўся Раман.

– Што? – здзівілася Лідзія. – Куды? Навошта?

– Буран накрыў усю Еўропу, я паспеў глянуць навіну ў райвыканка­ме. У вас мала бензіну, – Раман кіўнуў на прыбор, дзе стрэлка была на чырвонай адзнацы. – Трэба ісці, бо праз гадзіны дзве стане зусім цёмна, – спакойна, але цвёрда закончыў ён.

Лідзія прыкрыла вочы. Гэта здавалася нерэальным: трапіць у такую пастку. Нікуды не ісці. Сядзець тут. Бензіну, сапраўды, хопіць на гадзіну ці больш. Кажуць, чалавек не замярзае, а засынае. Заснуць – і не прачынацца. Пад ліслівае шкрабанне снегу ў акно. І больш ніякіх гукаў…

– Ліда, хадземце!

Яна ўздрыгнула ад загаднага ладу, няўцямна павярнула галаву.

– Вы чаго крычыце?

– Бо вы не разумееце небяспекі! Мы замерзнем! Кіламетр назад быў паварот на лецішчы. Там домікі, там шанцы, – гледзячы ёй у вочы, казаў Раман, і яна пабачыла ў яго чорных зрэнках сапраўдны страх.

– Зараз будзе ехаць які трактар… – Ніхто тут ехаць не будзе! Толькі раніцай калгасны вялікі трактар ідзе па сянаж, але яшчэ трэба прачысціць дарогу. Хадземце!

– Мяцеліца сціхла… Зараз адкапаем… – Лідзія павярнулас­я да акна, якое было запарушана нерухомым снегам.

– Гэта з вашага боку задзьмула па самыя вокны, – жорстка запярэчыў Раман і адчыніў свае дзверы, таўхаючы іх нагой.

Выццё ветру ўварвалася ў салон разам са снежным пылам.

Лідзія паслухалас­я.

Постаць Рамана ківалася наперадзе. Ён часам спыняўся, збочваў, вяртаўся – дарогі не было відаць. Рабілася ўсё больш шэра. Стала горача, не хапала дыхання, а вецер забіваў у горла калючы снег. Буран не выў і не скуголіў – на вольнай прасторы ён роў сцішана адным магутным нізкім гукам.

– Таполі! – спыніўся, крыкнуў ёй Раман. Быццам і радасна крыкнуў. Дзівак, ім не знайсці дачнага пасёлка. Цэлы кіламетр ад таполяў ісці…

Яна ўжо не бачыла амаль нічога вакол, не патрапляла ў сляды Рамана. Ён счакаў яе, працягнуў руку, і яна ішла цяпер за яго спінай, бы прывязаная.

Пабачыла нешта больш чорнае за агульную шэрань, зразумела – прыйшлі на лецішчы. Чаму Раман не ідзе да дамка? Далей жа няма сілы зрабіць крок…

– Там трубы няма, – пракрычаў ёй Раман, азірнуўшыс­я. – Нам з пячуркай каб!

Яны ішлі, часам патанаючы па пояс у снезе. Чаму Раман такі ўпарты? Трэба ж адпачыць, хоць пяць хвілін. Прысесці, снег такі мяккі…

Раман прыпыніўся, таўхаў, біў нагой веснічкі, зламаў іх. Агледзеў замок дзвярэй веранды, рашуча разбіў локцем шыбу невялікага акна. Прасунуў руку, крутнуў – дзверы адчыніліся.

– Дзякуй Богу і гаспадарам, будзем ім вінныя, – выдыхнуў Раман, пабачыўшы купу дроў у куце веранды. Тузануў ручку дзвярэй дамка, тыя паддаліся, і ён яшчэ раз выдыхнуў: – Усё будзе добра…

У пакойчыку тры на чатыры метры стаялі старая канапа, столік, два крэслы мяккія, шафа ў куце. І пячурка з плітой. Лідзія апусцілася на канапу, скурчылася. Яе дробна трэсла.

– Зараз, зараз, – мармытаў Раман, несучы з веранды дровы, шукаючы якую паперчыну і распальваю­чы ў печцы.

За адзіным акном цалкам счарнела. У печцы гуло полымя, пліта адсвечвала барвовым святлом. Раман прыадчыніў дзверцы пячуркі, у дрыготкім святле расчыняў шкапікі на сцяне. Знайшоў чай і цукар. На падваконні стаяла газавая лямпа, баўтануў яе. Зняў і працёр шкло, запаліў.

– Вады няма… Будзем рабіць чай са снегу.

Паставіў пусты чайнік на пліту, прыгаршчам­і насіў снег, які намяло ў веранду праз выбітае шкло, сыпаў пакрысе.

Лідзія ўгрэлася, млявасць апанавала цела. Яна глядзела на роўны язычок газавага полымя, адчувала тварам цяпло ад печкі, слухала гул у ёй і сіпенне кропляў вады на пліце. Потым яны пілі чай. Лідзія прылегла, укрылася паліто, ніяк не могучы ўпусціць у свядомасць тое, што зараз з ёй адбывалася. Яна не дома, яна – з мужчынам у чужым дамку, на двары – завея. І доўгія вечар і ноч наперадзе.

Раман знайшоў у шафе нятоўстую коўдру. Падышоў да Лідзіі.

– Вось, цяплей будзе і зручней.

Яна не адказала, ён зняў паліто, накрываў яе, рукі ягоныя крануліся яе плеч і на ўсяго адно імгненне замёрлі.

І таго імгнення хапіла, каб Лідзію працяла жаданне – дастаць з-пад коўдры свае рукі, накрыць імі гэтыя мужчынскія, дужыя, прашаптаць: «Канапа раскладвае­цца». Ён чакаў менавіта гэта. Бо яна расплюшчыл­а вочы і сустрэла ягоны позірк. І ўсё ў ім пабачыла.

Здрыганула­ся, рукі ірвануліся наверх, захапілі пальцы коўдру:

– Я сама! – амаль закрычала.

І адразу адвярнулас­я ад яго, каб толькі ён не пабачыў слёз, што пакаціліся з вачэй, і прыкушаных яе вуснаў – так і змагла стрымацца.

Ціхенька скрыгалі пячныя дзверцы, пару разоў выходзіў на веранду Раман, адтуль пасля неслася воблака холаду. Потым сціх гул у пячурцы, і стала чуваць, як ціха скуголіць за акном завея, шапатліва кранаючы шкліны акна.

Раман спаў, седзячы ў крэсле перад пячуркай. Сярод ночы яе пабудзіў скрыгат дзверцаў – Раман зноў распальваў у печцы, у дамку было свежа. На гэты раз жаль хапіў яе за горла, яна ледзь стрымалася, каб не гукнуць яго – хай бы прылёг побач, ноч жа сядзіць. Гэтага прагнула яе цела, сыходзіла жаданнем сэрца, але душа квола маліла ўтрымацца, і розум пярэчыў: як сябра – прадаў, як калегу – пераступіў, хочаш, каб скарыстаў і як жанчыну?

Калі ў наступны раз адкрыла вочы, у дамку было ранішняе сутонне. Раман не спаў – увайшоў з веранды з прыгаршчам­і снегу, закінуў у чайнік, той зашыпеў на пліце. Было цёпла і ўтульна.

– Добрай раніцы! – бадзёра павітаўся ён. – А снегу намяло! Пап’ем чаю ды пойдзем шукаць машыну, а то будуць чысціць дарогу, дык не заўважаць.

Але цалкам аўтамабіль не замяло – праз дзве гадзіны шляху па цаліку яны заўважылі яркі жоўты дах. Рыдлёўкай, якую Раман прыхапіў з сабой з лецішча, раскопвалі па чарзе не таму, што адзін стамляўся, а таму, што другі замярзаў – мароз быў не жартоўны.

Чакалі яшчэ з гадзіну, ашчаджалі бензін, толькі праграваюч­ы рухавік. Нарэшце пачулі, потым і пабачылі вялікі трактар з каўшом – калгас чысціў дарогу.

– Што падумаюць гаспадары дамка, – уздыхнула Лідзія, калі спыніла аўто ля ДК.

– Я іх найду ды павінюся, – усміхнуўся Раман. – І рыдлёўку трэба вярнуць.

Ён не спяшаўся выходзіць з машыны, пакусваў вусны, нарэшце загаварыў ціха:

– Падзякавац­ь хачу. За ўсё. І прабачыць мяне. Каб вы ведалі: у мяне жонка… Пяць гадоў таму ёй выставілі дыягназ – рассеяны склероз. Да таго часу не маглі зразумець, што адбываецца. Сёння яна… Яна не пазнае мяне, сына. Бываюць прасвятлен­ні, але ўсё радзей. Яе даглядае мая маці. Таму… Хоць ад першай сустрэчы зразумеў, што хачу быць з вамі, я не магу быць з вамі. І побач працаваць не магу болей. То прапанова з раёна – маё выратаванн­е.

Лідзія захлынулас­я пачутым, толькі змагла выціснуць з сябе:

– Гэта як – не зможаце побач? Дзе ж вы будзеце?

Раман зірнуў на яе з недаверам.

– Дык вы ж ведаеце, хацелі віншаваць мяне, – сказаў з усмешкай, але паколькі бачыў няўцямнасц­ь у вачах жанчыны, паціснуў плячыма і ўдакладніў: – Мяне ж забіраюць у раён. Буду кіраваць сектарам культуры замест Марыі Вознік… Бывайце! Будзем сустракацц­а!

Ён выйшаў з машыны, павярнуў у свой завулак, на якім не было відаць адзінага следу, і рашуча рушыў праз гурбы снегу – упарты, дужы.

Лідзія да крыві кусала вусны, абы толькі не зараўці. і

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus