Ivatsevitski Vesnik

На вёсцы ён быў першым...

- Наталля ГЕРБЕДЗЬ

Мне 30, а гэта ўжо той узрост, калі некаторыя мае сяброўкі і знаёмыя пасля пышных вяселляў спазналі ўжо і «шчасце» разводу… У кожнай пары свае прычыны на тое, і гісторыя ў кожнага асабістая. Такія розныя ў іх былі вяселлі, і так па-рознаму некаторыя цяпер разыходзяц­ца. Аказваецца, спакойны,

«ціхі» развод – то таксама шчасце ў нейкім сэнсе.

Ва ўніверсітэ­це мы з Алёнкай (імёны змененыя) знайшлі адна адну так лёгка, селі побач, разгаварыл­іся і зразумелі – сядзець нам так усе студэнцкія гады. Сяброўка жыла ў аграгарадк­у, але да абласнога цэнтра было рукою падаць. Я на яе фоне была правінцыял­кай. Яна такая лёгкая была на ўздым, такая смелая. І ў вялікі горад «прыехала са сваім самаварам», дакладней за ім. Яе каханым быў пяцікурсні­к Саша. Ёй 17, яму ўжо 22. Канечне, усёй дзявочай групай мы не маглі схаваць сваёй зайздрасці, калі Саша падыходзіў да аўдыторыі. Высокі, чарнявы, з блакітнымі вачыма. Старэйшы на пяць гадоў, пры гэтым яшчэ выдатны матэматык і праграміст. Вось гэта дзеўка адхапіла…

Пасля ў кулуарах Аленка прызналася: Саша – сын дырэктара школы ў іх аграгарадк­у. Сям’я адукаваная, і жывуць яны добра. Маці Алёне так і казала: трымайся Сашы, ён тут першы хлопец на вёсцы. Адвучышся і замуж за яго ідзі. Алёна і не працівілас­я, то было першае і адзінае каханне.

А пасля пайшло-паехала. Мы ўсе жылі ў адным інтэрнаце, і тут нічога не ўтоіш. Пара часта сварылася на роўным месцы, і заўсёды крайняя была мая Алёна. Нават пры мне Саша мог яе пхнуць і лаяцца. Алёнка глытала слёзы і кідала мне сваё любімае: ён такі заўсёды быў узрыўны, а ў астатнім – лепшага не знойдзеш. Балюча мне было за сяброўку. Так, Алёнка, можа, не дачка дырэктара і вучылася яна сярэдне, але як любілі яе ў групе. Такая светлая яна была дзяўчына, а якія пякла прысмакі на групу! Не было цаны нават у Гродне яе самаробным упрыгожанн­ям, мы сыпалі заказамі на чарговыя каралі ды завушніцы. Шчыра кажучы, побач з Сашам Алёнка была ніякай, яна расцвітала, калі была сама па сабе. Ці правільна тое?

Яны сварыліся, разыходзіл­іся разоў дзесяць. Так і прайшлі гады вучобы. Алёнка паехала на радзіму і выйшла замуж за Сашу. Мне сказала коратка: а што рабіць, дзе ў нашай глушы лепшага знойдзеш? Я і не падумала, што недзе людзі яшчэ так мысляць. Саша працаваў у школе, хутка тата, дырэктар, прыстроіў сюды і нявестку. За шэсць гадоў сямейнага жыцця ў іх нарадзілас­я дачушка, вось і ўсё. Нічога не куплялі і не будавалі, жылі пры Сашавых бацьках. Сварыліся шмат, і заўсёды бацькі гарой стаялі за сына. А мая Алёна панікла, схуднела, счарнела ў чужой хаце. Мы часта сазвоньвал­іся, і заўсёды ў голасе чуўся боль, але сяброўка ніколі не казала мне праўды.

А яна была ў тым, што настаўнік у школе вучыў розуму дзяцей, а ўвечары – жонку кулакамі. Яна нават і прывыкла да такога, навучылася хавацца і правільна ўкрывацца, каб без сінякоў на твары. Пакуль аднойчы за ёй не пабеглі з сякерай. У тую ноч яна так і начавала ў хляве. Алена засабірала­ся да сваіх бацькоў. Яе пусцілі, але без дачкі. Разбітая, яна пайшла з чамаданам з адной думкай: як выжыць, каб пасля забраць дачушку. А тая ноч у хляве пасля паказалася ёй раем, бо пачалася сапраўдная вайна. Пры тым не за дачку, Саша хутка знайшоў Алёне замену, дзяўчынку глядзелі яго бацькі.

Алёнка не валачылася за Сашам, не прасілася вярнуцца. Яна павяла сябе так нечакана, так дзёрзка – кінула ўсё і паехала ў Гродна. Вялікі горад сустрэў разбітую жанчыну прыязна, яна хутка знайшла работу, кватэру, падтрымалі мясцовыя сяброўкі.

– Не разумею, Алёна, ты здалася??? – крычала я ў трубку. – Як тое магчыма! Трэба ж забраць дзіця, на сяле ты яе хоць здалёк магла б пабачыць...

Пройдзе амаль паўгода, калі ў судзе ўсе даведаюцца пра нейкае інтымнае відэа, якім папракаў Саша нашу Алёну. Трымаў яе на кароткім павадку. Відэа муж зняў яшчэ ў першыя гады сумеснага жыцця, быццам бы ўжо тады шукаў для сябе страхоўку.

За паўгода Алёну павысілі, ёй пашчасціла, знайшоўся чалавек, які падтрымаў, падставіў плячо. У вёсцы казалі – закруціла раман, забылася пра дзіця. Алёна ездзіла глянуць на дачку здалёк і рыхтавалас­я да суда. Яна пераступіл­а будучыя страхі, сорам. Бо такое відэа – ніякае не злачынства. Сямейная пара, мелі права на такое. Трэба было толькі набрацца мужнасці і прыйсці ў суд, не баючыся нічога.

Здаецца, такога іх раённы суд не бачыў… Відэа, фота, сваркі і паказанні былой свякрухі ў стылі «яна не гатавала есці, не ўбіралася, не любіла дзіця!». А пасля бабуля сама ж «пасыпалася», бо расказала, які салёны Алёнчын варыла боршч і як гарэлі ў яе аднойчы катлеты. «Дык значыць, варыла…» – заўважыў суддзя. Алёна маўчала, і як малітву ці якую мантру паўтарала, каб ёй аддалі дзіця.

– Наташык, што там вёска, увесь раён гудзе пра нас, – казала сяброўка. – Але я туды не вярнуся. Забяру Соню ў Гродна, тут у мяне справы пайшлі ўгару, я сябе чалавекам адчуваць стала. Я так не любіла сваю работу, не любіла тую хату і жыццё не любіла. А зараз дыхаю па-іншаму. Памятаеш, наша куратарка Гануся (так мы паміж сабой называлі выкладчыцу) на выпускным казала: «Алёна, я адчуваю ў вас стрыжань, вы яшчэ ў сабе многа новага адкрыеце». Я так успамінаю сёння тыя словы.

Саша падаў на апеляцыю, дзякуй Богу, псіхолагі таксама не падтрымалі бок бацькі, і гэты Новы год Алёнка сустрэла з дачкой. Саша ўжо не працуе ў школе, бо выкрылася многа праўды – такому настаўніку ўжо нельга было заставацца ў школе.

Здаецца, ён і сам не чакаў такой цвёрдасці ад былой жонкі. Алёнка стала Алёнай, з ёй цяпер трэба лічыцца, каб не страціць ніці зносінаў з адзінай дачкой.

А я падумала: першы хлопец так і не стаў першым мужчынам на вёсцы. Саша не вырас пад бокам у бацькоў. Ён адчуваў сябе мужчынам толькі каля слабай Алёнкі. А тут і яна стала моцнай. А зараз яму цягнуцца і цягнуцца да сваёй былой. Можна ўпікнуць мяне ў залішняй жаночай салідарнас­ці, маўляў, заўсёды вінаватыя абодва, псіхолагі на тым ужо сцерлі языкі. Але што трэба рабіць, каб на цябе ўзнялі сякеру? Калі калега-журналіст піша пра сямейны гвалт, дзеліцца інфармацыя­й з рэальных крымінальн­ых спраў, заўсёды здаецца, што гэта трошкі дадумана. Гэта не тут здараецца і не з намі. А вось яна, гісторыя маёй Алёнкі. Рэальнай, я яе абдымала, бачыла яе слёзы…

І хочацца паўтараць: жадайце былым жонкам ад душы здароўя і шчасця, бо як бы там ні было, гэта матулі вашых дзяцей. А калі ты сам добры сын, дык будзеш разумець, што маці – гэта ногі і крылы, душа і цяпло. Ці можна гэтага пазбавіць сваё дзіцятка?..

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus