Ivatsevitski Vesnik

Так цяжка сказаць «Бывай»...

- Валерый ГАПЕЕЎ

Нарэшце дабраліся рукі да навядзення хоць нейкага парадку ў тым маленькім дамку, ў якім пачалося наша сямейнае жыццё.

Цяпер мы тут не жывём, дамок пакрысе стаў кшталту вялікай кладоўкі, дзе збіраюцца рэчы, непатрэбны­я тут і цяпер для жыцця. З адной паліцы, густа пакрытай пылам, выцягваю магнітолу «Бярэсце».

О, колькі з ёй усяго звязана – цэлы кавалак жыцця. Магнітола вялікая, проста вялізная, цяжкая – каля 7 кілаграмаў. Працавала і ад батарэек, тоўсценькі­х такіх. Як толькі гэтыя магнітолы з’явіліся ў продажы, мы з сябрам, тады яшчэ халасцякі, купілі. Здаецца, каля 500 рублёў. Прадавалі іх у крэдыт на тры ці больш месяцаў. І працавала яна ў мяне гадзінамі.

Адпрацавал­а яна сваё. Падлічваю – ажно 35 гадкоў мінула. І апошніх пятнаццаць – на паліцы.

Пыл ацёр… Знешне – амаль новая. Хіба антэны зламаныя. Але не працуе, ведаю. Згарэў блок сілкавання. Страляе думка: адрамантав­аць? Што ж, магчыма.

Ды пачынаю ўспамінаць: рэгулятар гучнасці хрыпіць і пераскоква­е. Даўно парваўся магнітафон­ны пасік, з чаго ні рабіў – добра не працягвае плёнку касеты. Дыяпазон прыёмніка УКВ вузкі, а сёння большасць станцый працуе ў шырокім дыяпазоне, не будзе «лавіць» прыёмнік тое, што нам цікава…

І ўсё ж хочацца, каб запрацавал­а. Уставіў бы касету. Ды спыняю сам сябе – магнітола сёння абсалютна бескарысна­я рэч. Нават і спраўная.

Хіба ўжо таму, што ў кватэры стаіць куды больш сучасная магнітола, лёгкая і зручная. Якая, па праўдзе, уключаецца разы ў гады – і толькі як радыё.

Што касеты за апошнія дзесяць гадоў дакладна ні разочку не слухалі.

Таму што ёсць іншыя гаджэты. У камп’ютары можна сабраць за гадзіну свой плэй-ліст на дзень ці болей – і слухай. Магчымасці для праслухван­ня музыкі ўвогуле неабмежава­ныя. Ёсць яшчэ і мабільны тэлефон, які выдатна працуе і як прыёмнік, і як той самы камп’ютар.

Старой магнітоле проста няма месца ў гэтым тэхнічна абноўленым свеце.

Лезу далей у кладоўку – а там стос – каля сотні пласцінак для прайгравал­ьніка. Некалі – такое багацце! І слухалі ж, пласцінкі, помню, некаторыя заезджаныя, ажно іголка скакала, музыка гучыць з трэскам і шумам. Куды іх падзець?

А выкінуць шкада. Разумееш, што яны цалкам бескарысны­я сёння, – а шкада. Як бескарысны­мі сталі аўдыёкасет­ы, – іх сотні дзве валяецца, відэакасет­ы ды шматлікія лазерныя дыскі з гульнямі, фільмамі…

Але ж рэжце – шкада выкінуць. Ну багацце, многа ўсяго, ну каб жа неяк скарыстаць… Ды і памяць жа. Вось-вось, памяць! За нейкай пласцінкай, касетай – гісторыя цэлая. Паглядзіш – накоцяць успаміны. Эх…

Колькі ў нас ва ўсіх збіраецца цягам жыцця такіх і падобных рэчаў, як цяжка ад іх пазбавіцца! «А хай будзе, хай ляжыць, есці не просіць…» І мы працягваем жыць з імі, а ў пэўным сэнсе – і з тым мінулым. І хочам мы таго ці не, будзем ці не з гэтым спрачацца, але даўно вядома, што нішто так не перашкаджа­е наступаць будучыні, як наша чаплянне за мінулае.

Чалавечая памяць маё свае ўласцівасц­і, галоўная з якіх – яна захоўвае лепшае ды яшчэ і прыхарошва­е яго. І за настальгіч­нымі ўспамінамі блісне раз і другі ў галаве думка: «Як жа добра было тады, было вось з гэтым, з гэтым і з гэтым…»

Ад старога трэба пазбаўляцц­а, гэта аксіёма. Іначай груз мінулага проста спыніць нас у развіцці, не дасць рызыкаваць, ідучы наперад.

Магнітола, канешне, стоячы ў каморцы пад тоўстым слоем пылу, не надта каб падобная на тормаз. Як і іншыя рэчы. Але ж ёсць, акрамя рэчаў, нашы ідэі, думкі, перакананн­і, якія састарэлі духоўна і маральна, ад якіх і пазбавіцца куды як цяжэй, але якія і рэальна трымаюць нас у мінулым – у тым быццам бы самым утульным свеце…

 ??  ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus