Ivatsevitski Vesnik

Жоўтыя ручаі на траве,

Альбо на дарогу глядзі, шафёр

- Таццяна Л.

Цёплы летні надвячорак. Мы гарэзліва гуляем каля дома. Мы – гэта дзве мае родныя сястры і стрыечная, самая старэйшая з нас. Цэнзарам і ўтаймаваль­нікам нашых дзеянняў выступае бабуля. Яна сядзіць на лаўцы і то смяецца разам з намі, то пакрыквае на нас. У метрах 50, а мо і бліжэй, ідзе дарога на Пінск. Машыны снуюць па шашы ўдзень і ўночы, і мы не звяртаем на іх ніякай увагі. Чаго нельга сказаць пра тых, хто праязджаў міма. Адзін малады небарака шафёр так загледзеўс­я на нас, што збочыў з шашы. Яго машына, падобная на тую, што возіць хлеб, плаўна з’ехала ў кювет і легла на бок. Добра, што ехаў на малой хуткасці, а то магло б усё быць намнога горш. Першай заўважыла аварыю бабуля, падхапілас­я з лаўкі і кінулася бегчы да машыны. А мы застылі на месцы. Тут з кабіны выскачыў вадзіцель, аббег вакол ляжачай машыны і схапіўся за галаву. Чаму ён так зрабіў, мы зразумелі пазней. Хлопец кінуўся званіць – дакладваць свайму начальству пра аварыю. А мы супакоіліс­я: жывы ж чалавек, і машына не перакуліла­ся, а толькі легла на бок. Але тут з-пад машыны сталі выцякаць жоўтыя тоненькія нітачкі. Яны ўсё шырыліся і шырыліся, і хутка з-пад буды на ўсю яе даўжыню пацяклі жоўтыя ручаі. Машына перавозіла яйкі! Такой з’явы мы яшчэ ніколі не

назіралі.

А хлопец, збялелы, рукі дрыжаць, зноў аббег вакол машыны і кінуўся да бабулі:

– Бабуля, родненькая, ратуйце! Зараз прыедзе маё начальства, будзе разбірацца. Калі ласка, скажыце, што прама на мяне з Пінска ішла сустрэчная машына, і я быў вымушаны з’ехаць у кювет!

Бабуля маўчыць. А я ціха пачынаю бурчаць, што гэта няпраўда, ніякай сустрэчнай не было. Бабуля строга глядзіць на мяне і кажа:

– А хто гэта ў нас такі правільны, толькі па праўдзе ды па законах жыве? Гэта не тая, што без правоў рассякае?

Я раблю круты разварот на 180 градусаў. Бабуля следам праганяе і маіх малодшых сясцёр з наказам, «каб і носа з хаты не паказвалі». З сабой пакідае толькі стрыечную сястру. Бабуля любіць яе больш за ўсіх, яна самая разумная з нас і ўжо працуе настаўніца­й.

А мы подбегам ляцім у хату і ціхенька прыадчыняе­м акно. Трэба ж хоць усё пачуць, што тут будзе адбывацца!

А хлопец усё просіць бабулю, каб пацвердзіл­а яго словы. Кажа, што за гэты пабіты тавар ён не разлічыцца да канца жыцця.

Бабуля ўздыхае і кажа сястры: – Будзем ратаваць чалавека! Калі будуць у цябе што-небудзь пытаць, першай нічога не гавары. Толькі пасля мяне. І паўтарай тое самае, што я скажу.

Праз некаторы час на «Волзе» прыехалі тры чалавекі. Таксама ўважліва агледзелі машыну, нешта пагаварылі між сабой і накіравалі­ся да нашага дома. Спыталі, ці бачыла бабуля момант аварыі, бабуля ўпэўнена адказала:

– Бачыла, усё на нашых вачах адбылося! І хлопец тут зусім не вінаваты! Каб ён не з’ехаў з шашы, то не было б ні яго, ні машыны.

– А якая машына ішла насустрач?

І бабуля, не маргнуўшы вокам, зноў кажа:

– А я, міленькі, не разбіраюся, як яны правільна завуцца. А мы кажам на такую «калхіда». Вялікая была машына, вялікая!

Яшчэ трохі пагаварыўш­ы між сабой і ўсё аглядваючы машыну, мужчыны нешта сказалі вадзіцелю і паехалі. Хлопец застаўся чакаць дапамогі, якую яму абяцалі прыслаць.

Калі «Волга» перастала быць бачнай, хлопец падышоў да бабулі і стаў дзякаваць ёй за дапамогу. А наша «камандзіры­ха» строга прамовіла:

– На гэты раз, ты, можа, і выкруцішся. Але памятай, што не заўсёды табе будзе так шанцаваць. Калі выбраў сабе такую работу, сеў за руль, дык на дарогу глядзі, а не шыю па баках скручваеш. Ідзі з Богам. І няхай сённяшні дзень і гэтыя жоўтыя ручаі на ўсё жыццё будуць табе ўрокам.

Хлопец пайшоў, а бабуля ўстала з лаўкі, уздыхнула і ціха сама сабе сказала:

– Ізноў трэба ісці да споведзі! Божа, літасцівы будзь да нас грэшных…

Начная навальніца з моцным ліўнем змыла з травы ўсю жаўцізну. Як нічога і не было. А памяць аб гэтай гісторыі ў нашай сям’і захавалася.

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus