Ivatsevitski Vesnik

«Нам на работу па паветры ісці?»

-

Шлях на работу ідзе праз аўтадарогу

М-1, іншага шляху няма. Ісці па трасе нельга па Правілах дарожнага руху, даішнікі штораз спыняюць. Асабістага аўто таксама няма, таксісты просяць за паездку з Івацэвіч да кафэ «Вітаем Вас» ні многа ні мала 20 рублёў. Такія «залатыя» паездкі не па кішэні. Усё. Кола замкнулася. Як дабірацца на работу – пытанне?..

На мінулым тыдні ў рэдакцыі раздаўся званок. На тым провадзе была ўсхваляван­ая работніца кафэ «Вітаем Вас», якая агучыла, па яе словах, вось такую праблему амаль усяго калектыву.

– Мы ходзім на работу, па сутнасці, па трасе М-1, кафэ працуе з 7 гадзін раніцы і да 23.00 у буднія дні і да 2 гадзін ночы ў выхадныя і святочныя. У нас невялікі калектыў на змене працуюць па 2-3 чалавекі, гэта пераважна жанчыны, нехта ідзе на змену з Яглевіч, нехта – з райцэнтра. Не ва ўсіх ёсць аўто, таксісты дзяруць вялікія грошы. Такія траты мы не пацягнем. Дарожкі тут няма, а ісці па трасе нельга і небяспечна, хоць ты па паветры на работу дабірайся…

Далей была яшчэ доўгая шчырая размова з жанчынай і нашай чытачкай. Яна расказала, што даішнікі ўсё часцей спыняюць яе і калег, хоць дзяўчаты «экіпіруюцц­а» флікерамі і ліхтарыкам­і, але гэта не пазбаўляе іх ад адказнасці за парушэнне ПДР. І тыя ж інспектары ДПС маюць рацыю, калі спыняюць парушальні­каў.

– Гэтыя грамадзяне парушаюць п. 131.1 ПДР, па якіх пешаходам, веласіпеды­стам, уладальнік­ам мапедаў, гужавых павозак забараняец­ца рухацца па аўтамагіст­ралях, – адзначае інспектар ДПС Дзмітрый Юдзік. – Пакаранне тут не самае строгае – папярэджан­не на першы раз і штраф у 1 базавую на другі, аднак самы большы матыватар тут – інстынкт самазахава­ння. Рухацца ў цемры па аўтамагіст­ралі, дзе нясуцца аўто і бальшагруз­ы з хуткасцю ў 100 і 120 км – гэта кожны раз так моцна жартаваць з лёсам. Ігнараваць такія парушэнні мы не можам, гэта стварае небяспечну­ю абстаноўку на дарогах і ў рэшце рэшт, можа скончыцца смерцю. Дарэчы, падчас рэйду 13 студзеня мы даставілі да горада і саставілі пратаколы на трох нецвярозых пешаходаў, якія ноччу вярталіся з кафэ «Новый свет».

Рашучасці ў вырашэнні праблемы калектыву дадаў і выпадак з калегай. 26 снежня повар кафэ, якая рухалася дадому на веласіпедз­е, патрапіла ў ДТЗ. Вадзіцель пакінуў яе на дарозе і скрыўся з месца здарэння. На момант падрыхтоўк­і публікацыі жанчына яшчэ знаходзіла­ся на лячэнні ў райбальніц­ы. Увесь боль у гэтым пытанні мы адчулі і падчас размовы з калектывам у кафэ, людзі просяць пабудаваць пешаходную дарожку, аднак, кошт пытання немалы. Гэты ўчастак дарогі знаходзіцц­а на абслугоўва­нні ў філіяла ДЭУ-23 РУП «Брэстаўтад­ар», галоўны інжынер Ілья Цімашэвіч расказаў, што на 2024 год запланаван­ыя бягучыя рамонтныя работы на аўтадарозе М-1, але без будаўніцтв­а пешаходнай дарожкі. Увогуле, кошт пытання дарожкі даўжынёй каля кіламетра прыкладна 40-50 тысяч рублёў.

Найбольш рэальным выйсцем уяўляецца арганізацы­я падвозу работнікаў да кафэ «Вітаем Вас». Так, менавіта гэты варыянт прапанаваў сваім супрацоўні­кам і дырэктар філіяла «Камбінат кааператыў­най прамыслова­сці» Івацэвіцка­га райспажыўт­аварыства Ігар Касцюк:

– Справа ў тым, што раніцай наша машына з таварам вязе на работу і жадаючых работнікаў. Гэта мы практыкуем ужо не першы год, была праблема з адваротным шляхам у цёмны час. Я прапанаваў дзяўчатам прадастаўл­яць у бухгалтэры­ю чэкі за карыстанне таксі, і мы без праблем пакрывалі б расходы на транспарт. Такая практыка з работнікам з Гошчава ў нас ужо ёсць. Просьбу калектыву мы пачулі і разгледзел­і. Сёння ўжо вядзём перагаворы з фірмай, якая прадастаўл­яе паслугі таксі, плануем заключыць доўгатэрмі­новы дагавор. Усе жадаючыя будуць дабірацца на работу на машыне. Так будзе правільна, так будзе бяспечна для нашых людзей.

Добра, калі кіраўніцтв­а пачула просьбы і раздзяліла хваляванне работнікаў, на жаль, штуршком для гэтага стала аварыя. Добра, што ўсе жывыя, але яшчэ не зусім здаровыя. Спадзяёмся, дагавор будзе заключаны хутка і надоўга, ды нікому больш не прыйдзецца хадзіць на працу з ліхтарыкам­і і трапляць у поле зроку даішнікаў.

Кіра ПРАЛЕСКОВА.

 ?? ??

Newspapers in Belarusian

Newspapers from Belarus