У промнях любові Хрыста
Калядны канцэрт, арганізаваны Хрысцінай Ісакавай і сястрыцтвам храма Святой Жываначальнай Троіцы, прайшоў у Целяханах
Кожны раз задаю сабе пытанне: а свята Ражства Хрыстовага сёлета зазірнула да нас? І, дзякаваць Богу, магу сказаць: «Зазірнула і засталося на ўсе Каляды». Дыяментамі свята сталі не толькі царкоўныя службы, багаты стол і салодкія прысмакі, а і святочная паштоўка, і сустрэчы з цудоўнымі людзьмі. І сустрэчы незабыўныя, якія грэюць і наталяюць радасцю душу. Аб адной і хачу расказаць.
14 студзеня мяне, як і многіх-многіх целяханцаў, парадавала цёплая, сагрэтая хрысціянскай любоўю вечарына ў сценах Дзіцячай школы мастацтваў г. п. Целяханы. Як цудоўна, што канцэрт адбываўся менавіта ў гэтым казачнай прыгажосці памяшканні! Свяцільні ўздоўж дарожкі ў школу падміргвалі святлом, быццам абяцалі, што спадабаецца тут кожнаму, хто пераступіць парог.
І не памыліліся. Усё так і збылося. Нават сцэна канцэртнай залы была ўпрыгожана незвычайным пейзажам-выцінанкай. Прыгледзелася, а гэта Целяханская цэркаўка ў акружэнні засыпаных снегам дрэў і маленькіх казуль, побач – будынак нядзельнай школы, мосцік праз Агінскі канал… Стварылі гэтую прыгажосць у падарунак прыхаджанам і айцу Васілію з сястрыцтвам юныя мастакі пад кіраўніцтвам Наталлі Фядковіч. Гасцінна прадаставіла кіраўніцтва ДШМ і памяшканне для сяброў па духу для рэпетыцый і выступлення. Канцэрт з боку сястрыцтва таксама для ўсіх быў бясплатны, а атмасфера любові такая шчырая, сардэчная, як у роднай матулі. А як закружылі на сцэне пяшчотныя маленькія анёлы, так і хацелася ўсклікнуць: «Ну, целяханцы, ну даяце!»
Парадавалі гледачоў, а ў зале быў аншлаг і месцы ўсе прыстаўныя занятыя, не толькі глыбокія па змесце нумары мастацкай самадзейнасці, а і тое, што ў канцэрце прымалі ўдзел і маленькія, і дарослыя, і старыя – усе як адна сям’я пад адным дахам. Кожнае выступленне, дзесьці сціплае, дзесьці сарамлівае, але такое блізкае і сапраўднае, пранікала ў сэрца праменьчыкам святла, дабрыні і ціхай радасці. І азарала святлом праслаўленне нараджэння Збавіцеля свету – Ісуса Хрыста, вечных ісцін і прыгажосці акаляючага свету. Былі ў праграме павучальныя гісторыі, якія застаўляюць задумацца аб сабе, аб унутраным стане сваёй душы. Былі і народныя калядкі, ветлівыя, добразычлівыя, з прыкладам культурных зносін гасцей і гаспадароў, былі і вельмі высокага выканальніцкага майстэрства песні. Усе выступілі цудоўна. Асабліва хочацца адзначыць вакальны мужчынскі ансамбль «Крыніца», у складзе якога Дзмітрый Пястун, Павел Мялік і Мікалай Валчкевіч, жаночы вакальны ансамбль «Душа», у складзе яго Анжаліка Віктаровіч, Ангеліна Віктаровіч, Таццяна Ціханчук, Хрысціна Ісакава. Дастойна выступілі і Віктар Галавач, і Людміла Малей, і ансамбль «Прыхаджане», і вядучыя Наталля Радкевіч і Дзмітрый Пястун, і юнае пакаленне – дзіцячы хор «Купава», танцавальная група «Праменьчык» і многія іншыя.
На свяце, дарэчы, былі ўручаны падарункі пераможцам фотаконкурсу, які праводзіла сястрыцтва напярэдадні Ражства Хрыстовага. Імі сталі: Святлана Ярмоленка, Вольга Леановіч, Аляксандра Туманік, Людміла Міхеева, Юлія Баршчук. Ушаноўвалі на сцэне і сямейныя пары прыхаджан, бралі ў іх бліц-інтэрв’ю. І ведаеце, па адказах адчувалася, што добрым сямейным адносінам у іх можна многім павучыцца.
У рэшце рэшт свята атрымалася на высокім узроўні. І гэта не выпадковасць. Без працы, як у той прыказцы, не выцягнеш рыбкі з саджалкі. Усё прыгожае і лёгкае на сцэне пад сабой хавае рэпетыцыі, рэпетыцыі і яшчэ раз рэпетыцыі. Да канцэрта рыхтаваліся самадзейныя артысты сястрыцтва цэлых тры месяцы. Аляксандр і Анжаліка Віктаровічы працавалі над музычнымі нумарамі. І прыгажосць гэтая не адбылася б, калі б артыстаў тут гасцінна не сустракалі, не прадстаўлялі ўсё неабходнае для падрыхтоўкі мерапрыемства.
Фінальным акордам сталі пажаданні ад артыстаў кожнаму гледачу на Стары Новы год. Так што пад уражаннем настаяцель храма протаіерэй Васілій Лавіцкі, які быў ганаровым госцем свята, пазбавіўся дару мовы. Але гэта на імгненне. Калі справіўся з эмоцыямі, дадаў, што ён далучаецца да ўсіх цёплых пажаданняў, якія прагучалі са сцэны, выказаў падзяку ўсім удзельнікам канцэрта і гледачам і павіншаваў усіх са святамі. Асаблівую падзяку бацюшка адрасаваў дырэктару Целяханскай ДШМ Вадзіму Галоўчыку за магчымасць прадэманстраваць таленты прыхаджан і выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва. «Спасі і блаславі ўсіх, Госпадзі», – пажадаў ён.
Удзячныя гледачы напрыканцы сустрэчы яшчэ і стоячы сагрэлі апладысментамі залу і ў адказ ім прагучала пажаданне: «Многая, многая лета».
…«Вельмі спадабалася», – такія водгукі раздаваліся то тут, то там у гардэробнай. «Хрысціна малайчына, добра прадумала сцэнарый, столькі прыхаджан удзельнічала»... «Максім Дзягцярык малайчына, цудоўную гісторыю расказаў, бачыла яго ў храме, чытае хлопчык «Псалцір» на службе»… «Нізкі паклон усім за такую радасць. Так хораша на душы, так светла»!..
І хацелася дадаць, што і анёлы, і Гасподзь былі з намі і сваёй любоўю сагравалі нас! Аддаваць, дзяліцца святлом сваёй душы – гэта каштоўна і гэта дорыць сапраўдную радасць. Вялікі дзякуй за такое адчуванне свята, за пачуцці ў промнях любові Хрыстовай.
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.