«Кожны чалавек для нас цэнны і важны!»
Аб дзейнасці Івацэвіцкай раённай грамадскай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» расказвае старшыня Галіна Гоган
Вось ужо 35 гадоў Івацэвіцкая раённая грамадская арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» садзейнічае ажыццяўленню дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да інвалідаў па забеспячэнні іх удзелу на роўных ва ўсіх сферах жыцця, інтэграцыі ў грамадства, абароне правоў і інтарэсаў, дапамагае людзям з абмежаванымі магчымасцямі вырашаць сацыяльныя праблемы, развіваць і праяўляць свае таленты і магчымасці.
Аб задачах грамадскай арганізацыі, напрамках дзейнасці пагутарылі з яе старшынёю Галінай Гоган.
– Галіна Сцяпанаўна, раскажыце, чым сёння жыве раённая грамадская арганізацыя? Якія задачы ставіць перад сабой?
– івацэвіцкая раённая грамадская арганізацыя грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў» сёння налічвае 426 чалавек. Сярод членаў нашай арганізацыі 40 чалавек ва ўзросце ад 92 да 73 гадоў, 30 чалавек маюць ўзрост 72–63 гады, 119 членаў аб’яднання во ўзросце 62–53 гады, пераважная частка – людзі з інваліднасцю ва ўзросце 52–43 гады – іх 126, ад 42 да 33 гадоў – 67 чалавек, і маладзейшыя за 32 гады – 44, сярод іх 9 дзяцей-інвалідаў. Наогул у раёне пражывае 3 542 чалавекі з інваліднасцю, атрымліваецца, што ў склад нашай грамадскай арганізацыі ўваходзіць каля 11 %.
Адной з галоўных задач, якія ставіць перад сабой раённая арганізацыя, – гэта дапамога людзям. Да канца 2023 года ў раёне працавала 13 пярвічак, але яны аптымізаваныя, зараз засталіся толькі 11 старшынь пярвічак, яны працуюць на тэрыторыі замацаваных за імі сельсаветаў на грамадскіх пачатках. Таксама ў склад актыву аб’яднання ўваходзіць кантрольна-рэвізійная камісія з 5 чалавек, за імі – кантроль даходаў і расходаў арганізацыі.
– Як даўно Вы ўзначальваеце раённую арганізацыю? Што Вас прывяло на гэтую пасаду?
– Амаль два гады я займаю пасаду старшыні грамадскага аб’яднання. Пасада гэтая выбарчая, на тэрмін 5 гадоў. Аб тым, як нялёгка бывае людзям з інваліднасцю, ведаю на ўласным вопыце – з 1993 года маю інваліднасць. Зараз працую па сумяшчальніцтве ў Стайкаўскім СК, і гэтая работа шмат у чым дапамагае мне ўцягваць нашых людзей з інваліднасцю ў культурнамасавую работу, у нас з’явілася пляцоўка, дзе мы можам правесці розныя мерапрыемствы. За гэта дзякую кіраўніцтву Стайкаўскага СК і аддзелу культуры.
– Ведаю, што мінулы год для арганізацыі быў насычаным на рознага роду мерапрыемствы...
– У нас добра наладжана ўзаемадзеянне з івацэвіцкім ТЦСАН, яго супрацоўнікі часта запрашаюць на розныя мерапрыемствы. Актыўных членаў аб’яднання заўсёды можна бачыць і на мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці – мітынгах, велапрабегах. Яркім быў наш удзел у Міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў у рамках Славянскага базару, наша ўдзельніца, жыхарка в. Заполле Наталля Барысік, прывезла адтуль Дыплом III ступені за выстаўку народна-прыкладнога мастацтва. Запомніўся і рэспубліканскі турзлет у Лунінцы, дзе мы занялі трэцяе месца. Жыццё многіх інвалідаў часта абмяжоўваецца толькі ўласным жыллём, таму мы стараемся арганізаваць для іх цікавыя паездкі, так, некаторыя ў мінулым годзе ўпершыню наведалі Палац Пуслоўскіх. і гэта далёка не ўсё, у чым бралі ўдзел нашы людзі з інваліднасцю. Наогул сярод іх шмат талентаў: яны спяваюць, пішуць вершы, перамагаюць у спаборніцтвах па шашках і шахматах, плаванні.
– А як быць тым, каго немач прыкавала да ложка і ён не можа паўдзельнічаць ні ў мерапрыемствах, ні ў экскурсіях?
– Сярод нашых членаў такіх 22 чалавекі. Канечне, ахапіць іх культурна-масавай работай мы не можам, ім стараемся дапамагчы матэрыяльна. А яшчэ, ведаеце, простая чалавечая ўвага і добрае слова парой для іх – як глыток свежага паветра. Аднак трэба разумець, што ахапіць дапамогай, асабліва матэрыяльнай, усіх членаў аб’яднання складана.
– Раскажыце, за якія сродкі ўдаецца дапамагаць?
– Бюджэт нашай арганізацыі папаўняецца за кошт членскіх узносаў, з кожнага чалавека – 7 руб. 40 кап. у год, а ўлічваючы, што не ўсе своечасова ўзносы аплачваюць, гэта мізэрна мала, таму на дапамогу нам прыходзяць спонсары: гэта індывідуальныя прадпрымальнікі, фермерскія гаспадаркі, ТАА «Санта-рытэйл». Калі патрабуецца пасільная дапамога, выручае наша моладзь – БРСМ. Усім ім за гэта вялікая ўдзячнасць, няхай іх добрыя справы вернуцца ўсім здароўем і такой жа шчодрасцю. Далі заяўку і чакаем паступлення замежнай бязвыплатнай дапамогі ў выглядзе адзення.
– Ці навучыліся ў нашым грамадстве глядзець на чалавека з інваліднасцю як на роўнага?
– Адзначу, што цяпер стаўленне грамадства да людзей з інваліднасцю змянілася ў лепшы бок: людзі сталі ставіцца да іх з паразуменнем. Неабходна памятаць адно: інваліду не патрэбны жаль. Што сапраўды патрабуецца, дык гэта дапамога. Саступіце месца ў чарзе чалавеку з кіем, дапамажыце на прыпынку грамадскага транспарту інваліду ў калясцы, не праходзьце міма інваліда па зроку, які стаіць на скрыжаванні.
– А як абстаяць справы з безбар’ерным асяроддзем у раёне?
– Безумоўна, ёсць аб'екты ў нашым раёне, якія абсталяваны пандусамі, поручнямі. Плюс маюцца месцы для інвалідаў на аўтамабільных стаянках. Але так далёка не ўсюды. Добра, калі інвалід-калясачнік жыве на першым паверсе, а калі на пятым... Самастойна ён не спусціцца на вуліцу.
– Што пажадаеце членам вашай грамадскай арганізацыі?
– Людзям з абмежаванымі магчымасцямі хачу пажадаць не замыкацца ў сабе, не даць хваробе ўзяць верх над вамі. Памятайце: жыццё адно! і ведайце: вы не адзінокія са сваімі праблемамі! Перш за ўсё, жадаю ўсім здароўя і мірнага неба над галавой. Кожны чалавек для нас цэнны і важны!
Гутарыла Аксана ЦЯРЭШКА.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.