Ostrovetskaja Pravda

Як Пусіка ратавалі

-

Чым толькі ні займаюцца выратаваль­нікі: і пажары тушаць, і з пабітых машын пацярпелых дастаюць, і замкнёныя дзверы ў кватэры адкрываюць, і нават хатніх гадаванцаў з бяды вызваляюць. Гісторыя падобнага выратаванн­я здарылася не так даўно – сцвярджалі, што не ў нашым раёне, хоць хто яго ведае. У нас жа таксама нямала гаспадароў, для якіх камфорт коцікаў і сабачак даражэй за ўласнае, а тым больш – чужое, жыццё і здароўе.

…Патэлефана­вала на 101 усхваляван­ая жанчына: коцік гіне! Дапамажыце!

Для людзей, чыя прафесія – ратаваць, падобны заклік – як каманда да дзеяння. Праз некалькі хвілін яны былі ў старым двары, акружаным шматпавярх­оўкамі. Пад дрэвам стаяла жанчына і, задраўшы галаву, прычытала:

– Пусік, прашу цябе, спускайся. Калі ласка, Пусічак… Упадзеш – разаб’ешся, дурненькі…

Сярод зялёнай лістоты разгаліста­га клёна жаласліва мяўкаў тоўсты рыжы кот.

– Гэта я вам званіла, – кінулася да выратаваль­нікаў жанчына. – Пусік у нас хатні, а тут выйшаў са мной на вуліцу. Як на тую бяду, сабака ў двор прыбег. Пусік спалохаўся, на дрэва забраўся…

– Ну дык што за бяда, – паціснуў плячыма нехта з выратаваль­нікаў. – Як залез – так і злезе.

– Ой, што вы, – замахала рукамі маладзіца. – Ён па дрэвах лазіць не прывучаны. Упадзе – разаб’ецца. Я ж гэтага не перажыву!

Хлопцы пераглянул­іся: трэба ратаваць кабету і яе ката.

Права здзейсніць гераічны ўчынак даручылі самаму маладому і спрытнаму. Юнак скінуў шматкілагр­амовыя «даспехі» і птушкай узляцеў на дрэва. Здавалася, вось-вось рыжы Пусік апынецца ў руках гаспадыні…

Але перапалоха­ны кот не хацеў ісці да чужога чалавека і караскаўся вышэй, выбіраючы самыя тонкія галінкі.

– Трэба ўзяць нажоўку і адрэзаць галіну з катом, – параілі выратаваль­ніку знізу. – А мы тут расцягнем брызент і зловім.

Хлопец спусціўся, ухапіў нажоўку – і праз хвіліну зноў быў на дрэве, трымаючыся адной рукой за ствол, прымяраўся адрэзаць сук, на якім распластаў­ся кот.

…І вось брызент расцягнуты, напалавіну спілаваны сук гатовы абваліцца пад вагой «кватаранта», гаспадыня ад страху прыжмурыла вочы…

І тут рыжы пухнаты камяк, нібы шаравая маланка, слізгануў з верхавіны дрэва, пракаціўся пад нагамі разгублены­х выратаваль­нікаў – і куляй узляцеў на самую макаўку ліпы, што стаяла побач з клёнам…

І зноў пачаў нема мяўкаць: ратуйце мяне, людзі! Я ж хатні, па дрэвах лазіць не ўмею!

Тамара РАБІНКІНА.

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus