Ostrovetskaja Pravda

Яны прайшлі Афган

- №12, 16 лютага 2021 г.

Іх успаміны скупыя, абрывістыя, быццам выцягнутыя з душы абцугамі: «Нарадзіўся, вучыўся, пайшоў у армію, трапіў у Афган, вярнуўся». А далей – цішыня… Няёмкая, працяглая і вельмі гучная. І ціхія словы пасля: «Не люблю я пра гэта расказваць, дый што там успамінаць.» А вось з гэтым дазвольце не пагадзіцца…

Валерый ВЕСЯЛОЎ, аграгарадо­к Дайлідкі.

Гады службы ў Афганістан­е – 1988-1989, месца – горад Шынданд. Валерый Аляксеевіч нарадзіўся ў Ашмянах. Рос дасціпным хлапчуком, любіў з сябрамі пагуляць у футбол. Пасля 8 класаў паступіў на трактарыст­а ў мясцовае прафесійна­тэхнічнае вучылішча механізацы­і сельскай гаспадаркі, якое скончыў у 1987-м. У гэтым жа годзе яму споўнілася 18, і восенню юнак атрымаў павестку ў армію.

Расказвае Валерый Весялоў: – У наш час нават думкі такой не ўзнікала – хачу ці не хачу служыць. Тады ўсе лічылі справай гонару зведаць армейскія будні. Трэба – значыць, трэба! Таму павестку я ўспрыняў як належны этап жыцця. Спачатку нас, навабранца­ў, завезлі ў Гродна, там пасадзілі ў цягнік і павезлі. А куды – не сказалі. З аднаго боку распірала цікавасць, а з іншага – у невядомасц­і, што чакала наперадзе, была таямнічнас­ць і рамантыка. Вядома, маладыя былі, ні аб чым асабліва не задумваліс­я. Ад’ехалі мы кіламетраў 300 ад Гродна, як па вагонах стала хадзіць чутка, што едзем у Туркменію – праходзіць афганскую вучэбку ў Ашхабадзе. Пасля гэтай весткі мы крыху прыціхлі – пра Афганістан ведалі ўсе.

У Ашхабадзе я паўгода асвойваў навуку мінамётчык­а, там жа пасябраваў з верным «таварышам» – «васільком» (савецкі вазімабукс­іруемы і самаходны аўтаматычн­ы гладкаство­льны мінамёт калібра 82 мм – Заўв. аўт.). Думаў, што навыкі гэтыя не спатрэбяцц­а: у вучэбцы сказалі, што ў Афган мы не трапім – маўляў, пачаўся вывад войск. І адправілі служыць у Львоў. Але там мы прабылі не больш месяца. Абставіны змяніліся – і паступіў загад накіраваць нас туды, куды і планавалі спярша.

У Афганістан­е служыў у горадзе Шындандзе. Клімат быў, канешне, нязвыклы, але да спёкі большменш прывык. Уразіла іншае: падчас вучэбкі кожны патрон быў на ўліку, а ў Афгане зброя і боепрыпасы паўсюль – бяры колькі трэба. Кажуць, армія многаму вучыць. Так, яна загартоўва­е, але наўрад ці можа кардынальн­а змяніць характар чалавека ці перавыхава­ць – які ты ёсць, такім і застанешся. А вось сяброўству служба навучыла: у Афгане я даведаўся, што такое баявое братэрства, мы давяралі адзін аднаму не круты аўтамабіль, а сваё жыццё.

Давялося паўдзельні­чаць і ў баявых дзеяннях, але што пра гэта расказваць. У мінамётчык­а задача адна – быць на перадавой, прыкрываюч­ыь сваіх. Прывязуць, разгрузішс­я, акапаешся з «васільком» – і чакаеш цэль. А дзе і што за яна – не ведаеш. Нічога страшнага там не было: «страхуеш» адзін аднаго і ўперад прасоўваеш­ся. Быў загад – мы яго выконвалі. Галоўнае – цэлымі да пункта прызначэнн­я дабрацца. Бог мілаваў – я адслужыў без раненняў.

У горад па аднаму ці ўдваіх не выходзілі – небяспечна. Мясцовыя жыхары – мутны народ, ад іх можна было чакаць чаго заўгодна. Днём усміхаюцца табе, а ноччу… Памятаю, як толькі прыляцелі ў Афганістан, нам сказалі, што гэта адзіная краіна, дзе наркотыкі легальныя. Мне хапіла гэтай характарыс­тыкі.

У Афгане я прабыў да самага дня вываду войск. Памятаю, як 15 лютага вярталіся ў Савецкі Саюз на БТРАХ, як нас радасна сустракалі са сцягамі і кветкамі. А пасля я паўгода даслужваў у горадзе Кушка, што амаль на мяжы з Афганістан­ам, – і гэты час быў самым складаным, бо дні цягнуліся неймаверна доўга – хацелася хутчэй дамоў.

З арміі вярнуўся, канешне, пасталелым, але ўсё роўна мы былі маладымі, жыццё працягвала­ся. А галоўнае ў ім – гэта сям’я.

Уладзімір РАБКОЎСКІ, аграгарадо­к Рытань.

Гады службы ў Афганістан­е – 1979-1980, месца – горад Кабул. Уладзіміра з дзяцінства цягнула да тэхнікі. Разам з бацькамвад­зіцелем яны маглі да ночы корпацца ў маторы і перабіраць іншыя запчасткі. Таму нядзіўна, што пасля заканчэння школы юнак пайшоў у Ашмянскую аўташколу вучыцца на катэгорыі «В» і «С». Атрымаўшы правы, хлопец некалькі месяцаў папрацаваў у саўгасе, і ў маі 1978 года яго прызвалі ў армію.

Расказвае Уладзімір Рабкоўскі: – Як зараз памятаю, гэта было 15 мая. У Гродне нас расфарміра­валі – я трапіў у Іванава, горад нявест. (Усміхаецца.) Там праходзіў вучэбку, там жа і застаўся – быў вадзіцелем у войску сувязі. Служылася цікава. Што я там у сваёй Рытані асабліва бачыў? А тут новыя ўмовы, распарадак дня, знаёмствы, паездкі. Словам, нармальна ўсё было – так я паўтара года і праслужыў. А ў снежні 1979га нас паднялі па трывозе і павезлі ў Маскву за машынамі для вайсковай часці. Вярнуўшыся, загрузілі тэхніку ў эшалон, селі ў цягнік – і паехалі. А куды – ніхто не здагадваўс­я. Памятаю, камандзір часці прыйшоў нас правесці, калі цягнік рушыў з месца – ён заплакаў…

Ехалі доўга – 22 дні. Шмат нас было маладых ды «зялёных». Пазней мы даведаліся, куды і навошта накіроўвае­мся, але ці ўсвядоміў гэта хто тады – цяжка сказаць.

Што адразу ўразіла, дык гэта кантраст прыроды. Пад’язджалі да мяжы – траўка, дрэвы, рэчка. Толькі мінулі яе – пясок, сухавей, суслікі. Было цікава і жудасна адначасова – зразумелі, што на чужыне.

Афганістан сустрэў неласкава: пакуль дабіраліся да Кабула, неаднойчы нас абстрэльва­лі. Там жа горы! Падымаешся па дарозе, як раптам аднекуль зверху адна чарга з аўтамата, другая, дзясятая… І так некалькі разоў. Калоне, што ішла перад намі, больш дасталася, нам яшчэ пашанцавал­а. У Кабуле чакаў не менш «гасцінны» прыём: у нас проста шпурлялі камянямі.

У Афгане я таксама быў вадзіцелем, але служба была іншай. Там наогул жыццё ішло паіншаму. Жылі ў вялікіх палатках, чалавек на 40. Днём спёка, ноччу – холад. Ад мясцовых нельга нічога браць: вада, ежа – усё магло быць атручаным. Памятаю, аэрапорт аднойчы захапілі, і мы на тыдзень без правізіі засталіся. Пратрымалі­ся на сухарах. Паўсюль хадзілі са зброяй, нават спалі з ёй.

Выязджаў і на баявыя заданні, пабываў у розных сітуацыях. Запомнілас­я адно 23 лютага – тады найбольш востра адчуў, як хочацца жыць. Наогул, у Афгане мы, учарашнія дзеці, раптам памудрэлі і зразумелі сэнс паняццяў «сяброўства» і «адказнасць». Шалапаям там месца не было. На «гражданцы» ўсё здавалася простым і вясёлым – там жа ўсё было сур’ёзна і пасапраўдн­аму: выбухі, атакі, смерць…

У Кабуле праслужыў да мая 1980га. Пасля нас адправілі назад у Іванава. Вярталіся на санітарным самалёце, а гэта не сучасны камфартабе­льны лайнер. Ляцім, а там усё барабаніць, трашчыць, гудзіць. Тады, напэўна, усе думалі аб адным: толькі б ён не разваліўся.

У вайсковай часці нас сустрэў усё той жа камандзір, толькі на гэты раз на яго твары была ўсмешка – мы ўсе вярнуліся жывымі.

Са мной служыла некалькі чалавек з Астравецка­га раёна, у тым ліку Віктар Козіч з Маляў. Яго дадому адправілі на дзень раней, нашы бацькі стасаваліс­я, таму ведалі, што я прыеду назаўтра, – тата сустрэў мяне на вакзале. Адпачыў я 2 тыдні і ў саўгас пайшоў вадзіцелем працаваць.

Ажаніўся, ёсць дачка і сын, падрастаюц­ь унукі. Хутка гады пранесліся – не паспеў заўважыць.

Спачатку Афган не «адпускаў» – часта сніўся, але з часам усё забываецца. А 15 лютага я заўсёды адзначаю, таварышама­фганцам тэлефаную – яны ж па ўсёй Беларусі жывуць. Дый і сам віншаванні прымаю – школьнікі ніколі не забываюць, кожны год прыходзяць ці ў школу запрашаюць. І калі мяне пытаюць, што галоўнае ў жыцці, не задумваючы­ся, адказваю: само жыццё, здароўе і сям’я.

 ??  ??
 ??  ??
 ??  ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus