Ostrovetskaja Pravda

Доўгае жыццё ў бацькоўска­й хаце

-

Стэфанія Раўдановіч, якая нядаўна адсвяткава­ла 90-гадовы юбілей, ураджэнка невялічкай вёскі Мужылы. Тут жанчына з’явілася на свет, тут дзяцей выгадавала, тут і старасці дачакалася. І мілей мясціны для яе не было. «Магла б у горад выехаць, але не схацела, – прызнаецца вяскоўка. – У бацькавай хатцы спакайней было, прытульней». Пра сябе і родную вёску расказвае Стэфанія Антонаўна.

Вяселле, на якім пазнаёмілі­ся Раўдановіч­ы

У касцёл таксама ў Свіранкі выпраўлялі­ся. Мелі асобнае адзенне да касцёла хадзіць і на танцы – і ўсё. Хто ж калісьці столькі купляў гэтых убранняў! Туфлі пад паху – і басяком у дарогу, каб не стаптаць, падыходзіш бліжэй да касцёла – толькі тады абуваешся. Во як!

Дружна мы ў вёсцы жылі. Танцы ў хатах ладзілі – дзяўчаты па чарзе прымалі. Музыканты ў нас ажно 3 былі, і ўсе свае, мужылянскі­я: два Юзюкі Свілы і Франка Вінсла. Яны гралі на гармоніках, спявалі, дзяўчаты ім дапамагалі – песні падхопліва­лі. Танцавалі факстрот, валец (вальс. – Заўв. аўт.), кроковяка (кракавяк. – Заўв. аўт.), каробачку. Да нас і з іншых вёсак патанцавац­ь прыходзілі: з Літвян, Каценавіч, Маркун. А пазней сталі вёскі танцы па чарзе ладзіць. Я да 18 гадоў на вечарыны не хадзіла: малая была, затое мама не пускала. Ды і хлопцы такіх не прымалі! А як хацелася, хоць паглядзець! Тады «абчэпім» вокны, каб хоць крыху ўбачыць, што там робіцца, – а тут ужо бацькі дамоў клічуць. (Смяецца.)

Каледаваць разам хадзілі – праўда, толькі дарослыя, малых не бралі. Заходзілі ў хату, святыя песні спявалі. Усе гаспадары чакалі. А вось па чырвонае яйка на Вялікдзень ужо дзеці выпраўлялі­ся – набярэш яек, а потым цэлы тыдзень ясі!

На маёўкі вяскоўцы збіраліся звычайна ля крыжа, а ў непагадзь – у хаце, гаспадыню якой ксяндзом клікалі. (Смяецца.) Не толькі старэйшыя людзі, але дзяўчаты і хлопцы прыходзілі – і заўсёды загадзя збіраліся, каб паспець пагуляць-падурэць.

На кірмашы мужылоўскі­я ў Міхалішкі хадзілі, каб капейку зарабіць: прадавалі масла, смятану, яйкі – хто што меў. У Вільню і на Ленінград выпраўлялі­ся сушанымі баравікамі таргаваць.

За мукой у Вільню ездзілі. Часта і пешшу дабіраліся: выйдзеш на ўсход сонца і навечар на месцы. Закупішся ў той жа дзень, пераначуеш (у жанчыны адной спыняліся, яна 20 капеек брала за начлег) і назад ужо на бартавую машыну сядаеш – дзе ж ты ў руках усё прынясеш. Каля рубля такі праезд каштаваў. Пад’язджалі не да Мужылоў – ля Газы ці Каценавіч звычайна высаджвалі.

Як сёння помню, калі электрычна­сць у нашай вёсцы правялі: у 1967 годзе на 8 Сакавіка падключылі. Во радасць была! Усё керасінкам­і карысталіс­я, а тут электралям­пачкі! Мы з мужам тады і тэлевізар першы ў сваім жыцці купілі.

– Адразу калгасы амаль у кожнай вёсцы былі, наш арганізава­лі адзін на тры: Плехаці, Мужылы і Радзі.

Пакуль малая была, маме па гаспадарцы дапамагала, а ў сямнаццаць (гадоў. – Заўв. аўт.) у калгас на палявыя пайшла: бульбу капалі, жыта жалі – першыя гады сярпамі, пазней ужо жаткі з’явіліся.

Потым лён убірала – звеннявой была, 10 чалавек у падначален­ні мела. Па 200 снапкоў кожны, як у дзве жмені ўзяць, трэба было звязаць. А каб тое зрабіць, спярша яго рвалі, тады сцялілі, пасля абівалі, сарціравал­і: сіні – да сіняга, белы – да белага. Гэта калісьці так было, а цяпер паглядзіш па тэлевізары – скруцяць у адзін рулон…

Цяжкае дзяцінства выпала, і маладосць – таксама, што там гаварыць. Але даў Бог мужа добрага, дзетак, унучкоў – дарослыя яны ўжо. Памятаю, меншая ўнучачка нарадзілас­я, думала: Божа, калі я дакачаю, каб падрасла. Ужо і прафесію атрымала, і працуе… (Смяецца.)

Я доўга ў дзеўках сядзела: як замуж выходзіла, 33-ці год мела. Усё маму шкадавала, пры ёй была. Сястра мая ў Мінску працавала. А што маці адна будзе?

З якой стараны суджанага чакаць, мне яшчэ варажбітка наваражыла. Ты яго не ведаеш, казала, а ён – цябе, а выйдзеш замуж на ўсход слонца (сонца. – Заўв. аўт.) – так і сталася. З Іосіфам пазнаёмілі­ся ў Сарочы на вяселлі – гулялі разам з боку маладой.

Пачалі спатыкацца, але нядоўга тыя сустрэчы былі: вясной убачыліся, а восенню вяселле згулялі. Распісвалі­ся ў Кямелішкаў­скім сельсавеце, а шлюб бралі ў Міхалішках.

Са сваёй світай на калгаснай машыне да мяне жаніх прыехаў. Каляровымі стужкамі яе ўпрыгожылі, ён – у кабіне, а госці – у кузаве. (Смяецца.) Так і ад мяне на Сарочу ехалі. Па завядзёнцы, на два бакі вяселле гулялі: спярша ў мяне, а тады ў яго вёсцы. У суботу як пачалі, то толькі ў сераду скончылася. (Усміхаецца.) Як дзяўчаты ў нас хораша тады спявалі! І музыканты былі: у мяне граў з Заборцаў, а ў яго мясцовы, з Сарочы.

Вясельную сукенку пашыла жанчына з Мужылоў – Франя Крывіцкая, і вэлюм яна прыгожы сабрала, адмысловая майстрыха была.

Пасля замужжа жылі са свякрамі ў Сарочы, там нарадзіўся і першы сын. Малому года не было як пераехалі да мамы. Яна ўжо не працавала і ўзялася дзіця глядзець, раней жа не давалі 3 гады на яго догляд – толькі 2 месяцы пасля родаў. Пазней яшчэ дваіх дзетак нарадзіла – з усімі мама дапамагала.

Пасля першага дэкрэту пайшла даяркай на ферму, што ля Мужылоў стаяла, пазней – у Панарцы ў кароўнік перайшла – так да пенсіі і працавала. Кароў уручную даіла – 23 галавы – раніцай, сярод дня і вечарам! А яшчэ ж і кармы разнесці, пачысціць іх трэба было, вёдры памыць. І дамоў паспявала злётаць справы перарабіць. Хуткая была, маладая. (Усміхаецца.)

У Мужылах усё маё жыццё прайшло. Цяпер прыязджаю сюды як на дачу: пакуль цёпла, у сваёй хаце жыву, а тады да дачкі ў Рытань паеду. Цяжка ўжо адной, асабліва ўзімку: печы напалі, вады нацягай… Але нават калі не дома, сэрца маё тут – у бацькоўска­й хатцы.

Рыта ДРЭМА, фота аўтара.

 ?? ?? Стэфанія Антонаўна Раўдановіч
Стэфанія Антонаўна Раўдановіч
 ?? ?? Дом Стэфаніі ў Мужылах (ля калодзежа)
Дом Стэфаніі ў Мужылах (ля калодзежа)
 ?? ??
 ?? ?? Стэфанія і Іосіф Раўдановіч­ы
Стэфанія і Іосіф Раўдановіч­ы
 ?? ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus