Ostrovetskaja Pravda

Аўтарскі ракурс Жывіце тут і цяпер!

-

З нагоды дня нараджэння сабраліся ў адной з сябровак «дзявочай» кампаніяй на кавугарбат­у. Гаспадыня перш прынесла з кухні звычайныя «дзяжурныя» кубкі. А потым, хвіліну падумаўшы, махнула рукой:

– Не, будзем піць з падарункав­ых. Трэба ж калінебудз­ь іх абнавіць… А найлепш – пабіць!

І расказала, як у свой час, калі дзеці былі яшчэ малыя, па знаёмстве, з пераплатай за немалыя грошы купіла два прыгожыя фарфоравыя сервізы – для аднаго сына і другога. Маўляў, вось вырастуць яны, ажэняцца – і свякроўка падорыць нявесткам каштоўныя падарункі…

Так і стаялі тыя сервізы больш за 20 гадоў нераспакав­аныя. Сыны даўно выраслі, пажаніліся, але ні адна, ні другая нявестка не захацелі прыняць падарункі. Першая, якая жыла далёка і прыязджала рэдка, не жадаючы пакрыўдзіц­ь свякроўку, усё прыдумвала нейкія адгаворкі: то няма месца ў чамадане, то баіцца пабіць у дарозе… А другая, бліжэйшая па месцы жыхарства і стасунках, сказала проста і шчыра:

– Не, мне не трэба. Цяпер такімі сервізамі ніхто не карыстаецц­а. У нас дастаткова прыгожага сучаснага посуду…

– Помню, як мы з мужам даставалі гэтыя сервізы ў часы павальнага дэфіцыту, як трэсліся падчас пераездаў, каб, крый божа, не пабіць, як марылі, што будзе дзецям падспор’е на першым часе сямейнага жыцця – не тое, што нам, калі нічога не было і купіць не было дзе і за што. А ім сёння нічога не трэба. Крыўдна…

Расказала пры нагодзе гэтую гісторыю на рабоце, а маладзейша­я калега сумна ўсміхнулас­я:

– Ды што там сервіз! Калі я нарадзілас­я, сяброўкі падарылі маме, каб ёй прасцей было з мыццём бялізны ўпраўляцца, пральную машыну «Малютка» – таксама, пэўна ж, не проста было яе купіць. А мама вырашыла: хай дачушцы – мне, значыць – застаецца: вось вырасце, пойдзе замуж – а тут і пасаг гатовы! Сама рукамі, у тазіку ўсё жыццё бялізну мыла, а «Малютка» на гарышчы стаяла, чакала, пакуль я вырасту. Ну вырасла, вывучылася, стала працаваць – купіла машынуаўта­мат. А «Малютка», напэўна, ужо згніла за гэты час…

І колькі такіх прыкладаў! Думаю, кожны чалавек старэйшага пакалення можа прывесці парутройку для пацвярджэн­ня колішняй невядома кім уведзенай традыцыі: усё лепшае – дзецям! А мы якнебудзь… А калі не дзецям, то – «на чорны дзень». Ці «на выхад»…

Час ляціць. Дзеці выраслі – і ім наша «лепшае» аказалася не патрэбна. Больш таго, яно для іх зусім не лепшае, а пазаўчараш­ні дзень, яны ўсё, што ім трэба, і такое, як яны хочуць, купляюць самі (часта за нашы грошы, але гэта тэма іншай размовы). І грувасткія сервізы, стосы зляжалай пажаўцелай пасцельнай бялізны, пуховыя падушкі, ватныя коўдры і іншыя атрыбуты дабрабыту, якія старанна назапашвал­і для іх дарослага жыцця бацькі, аказаліся незапатраб­аванымі… «Чорны дзень» так і не настаў (і дзякуй богу!), а «выхад» раптам скончыўся ці тыя велюравыя і парчовыя сукенкі, якія пакідаліся для такога выпадку, з’ела моль. А калі не з’ела, дык яшчэ горш, бо выкідваць шкода, а апрануць няма як – няма куды, не налазіць… Урэшце, такое цяпер проста не носяць!

Спытаеце, для чаго я завяла гэтую размову? Ды параіць хачу дарослым дзецям (якія ж таксама часам жывуць па прынцыпе «ўсё лепшае – дзецям») і іх ужо пасівелым бацькам: жывіце тут і цяпер, не дзеля дзяцей і ўнукаў, а для сябе. Насіце прыгожае адзенне, якое вам пасуе цяпер, – заўтра яно можа стаць цесным, нязручным ці нямодным. Пакаштуйце стравы і напоі, смак якіх не ведаеце. А раптам вам спадабаецц­а? Вандруйце па тых мясцінах, дзе хочацца пабываць, бо, як сказаў некалі Марк Твэн, у старасці мы будзем шкадаваць толькі аб двух рэчах: што мала кахалі і мала падарожніч­алі.

…І няважна, колькі пры гэтым у вашых шафах застанецца нераспакав­аных сервізаў, камплектаў пасцельнай бялізны, новых ручнікоў і абрусаў. Найлепш, калі іх там зусім не будзе. Бо дзевяноста са ста: калі вас не стане, вашы дзеці іх проста выкінуць. У лепшым выпадку – пусцяць на анучы.

Хоць і анучы цяпер іншыя – сучасныя…

Ніна РЫБІК.

 ?? ??
 ?? ??

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus