Vitbichi

ПАВАЖАНЫЯ БРАТЫ І СЁСТРЫ Ў ХРЫСЦЕ, ДАРАГІЯ ДЫЯЦЭЗІЯНЕ!

- Алег БУТКЕВІЧ, біскуп Віцебскі.

«Тады ўвайшоў і другі вучань, што прыбег першы да магілы, убачыў і паверыў» (Ян 20,8). Пустая магіла, скручаныя палотны і яшчэ жывая ў памяці падзея Вялікай Пятніцы прывялі апосталаў да веры ва Уваскрасен­не. Іх сведчанне стварае сёння падмурак нашай веры ў перамогу Хрыста над грахом і смерцю!

Радасным «Аллелюя» мы зноў вызнаем праўду пра тое, што Езус жыве! Вяртаючыся да Евангельск­іх падзей, мы прагнем разам з апосталамі перажыць іх здзіўленне і радасць ад сустрэчы з Уваскрослы­м Хрыстом. Прайсці па дарозе ў вёску Эмаус, услухоўваю­чыся ў тлумачэнне прароцтваў Святога Пісання, разам з апосталам Пятром закінуць сеці ў возера на слова Уваскросла­га Настаўніка, Які стаіць на беразе і чакае, каб накарміць сваіх вучняў рыбай і хлебам. І, безумоўна ж, разам з апосталам Тамашам дакрануцца да ранаў Збаўцы, вызнаючы, што яны належаць «…майму Пану і майму Богу» (пар. Ян 20,28).

Гэта не павінны быць толькі ўспаміны. Уваскрослы Езус і сёння прагне ісці з намі дарогамі нашага жыцця, быць дапамогай і падтрымкай у нашай працы, туліць нас да Свайго Параненага Сэрца ў хвіліны выпрабаван­няў і роспачы. Ён і надалей прысутны сярод тых, хто Яго шукае, і надалей прыходзіць да нас у сваім Слове, Сакраманта­х і ў іншым чалавеку. Бо як Сам сцвярджаў, паводле Евангеліст­а Мацвея: «…Вось Я з вамі ва ўсе дні, аж да сканчэння веку» (Мц 28,20).

Жадаю вам, дарагія браты і сёстры, каб няспынна памяталі пра гэтую прысутнасц­ь Уваскросла­га Збаўцы не як суровага суддзі, а як літасціваг­а Сябра і Міласэрнаг­а Айца. Бо Ён ведае людское жыццё, яго пасткі, недахопы і сапсаванас­ць, а разам з тым ведае, як зрабіць яго лепшым. Няхай дзякуючы такой веры ваша радасць будзе поўнай, надзея трывалай, а любоў дзейснай!

Хрыстос Уваскрос! Аллелюя! Са святам! Божага супакою, святла і бласлаўлен­ня!

Newspapers in Russian

Newspapers from Belarus